Чыноўнік з Чачэрскага раёна прымушаў людзей бясплатна будаваць яму дом
Упраўленне Следчага камітэта па Гомельскай вобласці расследуе крымінальную справу намесніка кіраўніка Чачэрскага райвыканкама, у дзеяннях якога знайшлі прыкметы злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Справа распачатая пракуратурай Чачэрскага раёна паводле матэрыялаў Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС.
Як высветліла следства, чыноўнік у 2010-2013 гадах даваў кіраўніцтву аднаго з прадпрыемстваў раёна загадзя незаконныя ўказанні. Тыя выдзялялі працоўную сілу, якую потым выкарыстоўвалі для будаўніцтва дома чыноўніка. Пры гэтым людзям не плацілі за іх працу або заніжалі заробак.
Падазраванага затрымалі, з ім працуюць следчыя, інфармуе прэс-служба Следчага камітэта.
Фота з архіву