Чыноўнікаў, якія спазніліся, папярэдзілі, а медыкаў – пазбавілі прэмій

Недарэкаў, якія спазніліся на працу 26 лістапада, акурат у дзень праверкі, усё ж не звольнілі – нягледзячы на пагрозы старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Зянона Ломаця.

Але, як запэўніла Еўрарадыё начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Барысаўскага райвыканкама Святлана Ўласава, дысцыплінарныя пакаранні кранулі ўсіх супрацоўнікаў.

Святлана Ўласава: “Дакументы ляжаць перада мной. Гэта копіі загадаў па кожным структурным падраздзяленні аб дысцыплінарных спагнаннях. Усе, хто спазніўся, ці ўсе, хто парушыў працоўную дысцыпліну: хтосьці, можа, камандзіровачныя не адзначыў у журнале рэгістрацыі – усе прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці. Звальненняў не было”.

Нагадаем, 26 лістапада Камітэт дзяржкантролю правёў праверку на 120 арганізацыях Мінска. Гэта міністэрствы, выканкамы, бальніцы. Больш за 400 чыноўнікаў не прыйшлі на працу своечасова.

Самымі злоснымі парушальнікамі працоўнай дысцыпліны выявіліся Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства юстыцыі, замежных справаў і адукацыі. Таксама ў чорным спісе аказаліся адміністрацыі Кастрычніцкага і Фрунзенскага сталічных раёнаў, Барысаўскі, Мінскі і Маладзечненскі райвыканкамы і Мінская цэнтральная раённая бальніца.

Да звальненняў не дайшло і ў Міністэрстве эканомікі. Там чыноўнікаў проста папярэдзілі. Аднак наступны раз, запэўніў Еўрарадыё кіраўнік аддзела кадраў Барыс Конанаў, будуць прымацца больш жорсткія меры.

Барыс Конанаў: Мы проста папярэдзілі людзей. Канечне, у наступны раз будзем прымаць больш жорсткія меры. Распарадак дня – ёсць распарадак. Ён запісаны ў кантракце кожнага.
ЕРБ: А што, сур’ёзныя спазненні былі?
Барыс Конанаў: Не, у нас сур’ёзных толькі тры дзесьці. А так – на хвіліну-дзве.

А вось медыкам Мінскай цэнтральнай раённай бальніцы пашчасціла не так. Нават тых супрацоўнікаў, што прыйшлі своечасова, але якіх праверка застала падчас пераапранання, начальства пазбавіла 50% прэміяў, расказала Еўрарадыё старэйшы інспектар па кадрах Кацярына Ізмайлава:

“У нас толькі адзін чалавек спазніўся. Яшчэ два чалавекі пераапраналіся ў кабінетах. І людзям, згодна з дагаворам і палажэннем аб прэміраванні, аб’яўленая заўвага, і яны былі пазбаўленыя 50% прэміі. Адзін чалавек на 4 хвіліны спазніўся. І двое людзей несвоечасова прыступілі да працы. І тое гэта сярэдні медперсанал. Урачы, дзякуй богу, былі на месцы”.

У астатніх Міністэрствах нам паведамілі, што меры пакарання парушальнікаў – гэта іх унутраная і сакрэтная справа. Аднак даць справаздачу ў Камітэт дзяржкантролю яны ўсё ж абавязаныя. Пакуль, як паведамілі Еўрарадыё ў прэс-цэнтры Камітэту, у іх няма інфармацыі пра санкцыі, ужытыя арганізацыямі да парушальнікаў. Але на працягу тыдня грамадскасці стануць вядомыя ўсе падрабязнасці кожнага асобнага спосабу пакарання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі