Чыноўнікі адмовіліся ісці на “Марш недармаедаў”, але шэсце дазволілі
У пятніцу арганізатары сталічнага “Маршу недармаедаў”, які мусіць адбыцца 15 сакавіка, сустрэліся з прадстаўнікамі Мінгарвыканкаму, міліцыі і пракуратуры.
“Яны паведамілі нам, што заяўка на правядзенне шэсця разгледжана і яны дазваляюць нам сабрацца на пляцоўцы каля кінатэатра “Кастрычнік", хоць мы падавалі пляцоўку ля Акадэміі навук, то бок праз аргкамітэт, — распавядае Еўрарадыё арганізатар маршу і ўдзельнік сустрэчы адказны сакратар эта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Дзяніс Садоўскі. — Ну і, адпаведна, дазволілі шэсце ў бок плошчы Бангалор. Безумоўна, калі мы падавалі заяўку (30 студзеня), яшчэ было магчыма разглядаць такі фармат мерапрыемства. Але цяпер, калі людзі незадаволены, яны жадаюць ісці ў цэнтр горада, каб іх пачулі”.
Арганізатары “Маршу недармаедаў” прапанавалі чыноўнікам перанесці мітынг на Кастрычніцкую плошчу і запрасілі іх выканаць нядаўні загад Аляксандра Лукашэнкі і таксама прыйсці на акцыю, каб адказаць на пытанні незадаволеных грамадзянаў.
“На жаль з іх боку была катэгарычная адмова, — працягвае палітык. — Яны палічылі, што размова ў гэтым накірунку проста немагчымая. Што сведчыць пра тое, што ўлада па-ранейшаму закрываецца ад людзей і не жадае ні чуць, ні размаўляць з імі”.
Збор на пляцоўцы каля кінатэатра “Кастрычнік” запланаваны на 15 сакавіка на 17.30. А вось куды рушыць шэсце і дзе будзе праведзены выніковы мітынг, будзе вырашацца на месцы.