"Чырвоная тачка з гноем". Мінінфармацыі абнавіла спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў
Апошнім гучным абнаўленнем спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі была забарона расійскага сайта "Спутнік і пагром". Пасля яе сайт свабодна адчыняўся ў Беларусі некалькі дзён, але хутка гэта скончылася.
Было гэта ў канцы 2016 года і, як высветліла Еўрарадыё, за тры месяцы 2017-га спіс папоўніўся ажно дзевяццю новымі судовымі рашэннямі (новых экстрэмісцкіх матэрыялаў яшчэ больш).
Сярод іх такія цікавыя, як брашура "Зніклыя людзі ў Беларусі" (рашэнне Маларытскага суда за 9 студзеня 2017 года), малюнак памерам 594х840мм, які змяшчае копію фатаграфіі, на якой на пярэднім плане нахіленая чырвоная тачка з гноем і плакатам, прабітым віламі (суд Гомельскага раёна, 13 студзеня 2017 года), запальнічка, на адным баку надпіс "World War II 1939-1945 German national emblem", выява арла, які трымае ў лапах стылізаваны дубовы вянок са свастыкай у цэнтры (Герб Трэцяга Рэйха), пад выявай арла выгравіраваны тэкст на англійскай мове з апісаннем падзей 2-й Сусветнай вайны (суд Кастрычніцкага раёна, 10 лютага 2017 года).
Калі з экстрэмісцкай запальнічкай яшчэ можна пагадзіцца, то знаходжанне ў спісе стыкера з надпісам "Паліш і п'еш? Хутчэй памрэш. Трымай кроў чыстай" (суд Кастрычніцкага раёна Мінска, 10 лютага 2017 года) выклікае пытанні.
Апошнімі на дадзены момант абнаўленнямі экстрэмісцкага спіса з'яўляюцца шматлікія суполкі анархістаў у сацсетках, у асноўным з "Укантакце". Суды па іх прайшлі 17 сакавіка.