Ці абмяжуюць беларусаў пры ўвозе тавараў у Расію з 1 ліпеня?

Згодна з Мытным кодэксам, увозіць можна не больш за 3 літры алкаголю, 2 блокі цыгарэт, а ў машыне павінна быць не больш за 10 літраў бензіну.
Калі Беларусь адмовіцца ад удзелу ў Мытным саюзе з Расіяй і Казахстанам, то тэарэтычна з 1 ліпеня новыя мытныя правілы мусяць распаўсюджвацца і на беларускіх грамадзян.

У такім выпадку, калі нормы багажу будуць перавышаныя, то давядзецца заплаціць 30% ад мытнага кошту тавараў, а за кожны лішні літр алкаголю беларусы заплацяць па 10 еўра.


Але гэта не факт. Пытанне ўдзелу Беларусі ў Мытным Саюзе можа вырашыцца бліжэйшымі днямі.

Так, першы віцэ-прэм'ер Расіі Ігар Шувалаў 28 чэрвеня паведаміў пра вызначальнасць сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана і Расіі 5 ліпеня ў рамках Міждзяржаўнага Савета ЕўрАзЭС у Казахстане.

Ігар Шувалаў: "Гэта рашэнне будзе пра другі этап Мытнага Саюза: альбо Расія, Казахстан і Беларусь, то бок тройны фармат, як мы і дамаўляліся раней. Ці гэта будзе фармат Расія і Казахстан".

А 28 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка ўхваліў праект Пагаднення аб вызваленні ад ужывання мытнымі органамі краін Мытнага саюза пэўных формаў мытнага кантролю.

Нават калі Беларусь Мытны кодэкс ратыфікуе, завозіць еўрапейскія аўтамабілі па ранейшых стаўках беларусы змогуць да канца пераходнага перыяду, паведаміў "Российской газете" старшыня Галоўнага ўпраўлення федэральных мытных тарыфаў Федэральнай мытнай службы Валерый Рашэтнікаў. Доўжыцца пераходны перыяд можа да 1 ліпеня 2011 года, а можа нават да 2013 года.

Для таго ж, каб аформленую паводле беларускіх ставак машыну перапрадаць у Расіі, давядзецца заплаціць розніцу паміж нашымі і расійскім тарыфамі.

Ці пачнуць дзейнічаць новыя мытныя правілы для беларусаў з 1 ліпеня, у Федэральнай мытнай службе Расіі не сказалі. Абяцалі адказаць на пытанні праз адмысловую "гарачую лінію" 30 чэрвеня. Мытны камітэт Беларусі даць выразны каментар на тэму таксама адмовіўся.

Супрацоўнік Смаленскай мытні адзначыў, што сітуацыя пакуль цьмяная.

Супрацоўнік Смаленскай мытні: "Нявысветленасць, нявызначанасць, што там будзе ды як. Не ведаю, што вам адказаць. Мы самі чакаем, што будзе з 1-га ліпеня. Вы ж бачыце, што творыцца — то з нафтай, то яшчэ з чым"

На адным з мытных пастоў таксама разводзяць рукамі.

"Ці падпішуць 1 ліпеня Мытны кодэкс, мы яшчэ самі не ведаем. Зараз жа кантролю мытнага пры выездзе з Беларусі ў Расію і назад няма".

Газавы канфлікт Расіі і Беларусі паставіў пад вялікае пытанне тэрмін ратыфікацыі Беларуссю Мытнага кодэкса. Краевугольным каменем застаюцца ўмовы экспарту расійскай нафты цераз Беларусь. Мінск выступае за скасаванне пошлін на нафту. Пазіцыя Масквы — гэтае пытанне вырашаецца па-за рамкамі Мытнага саюзу.

Фота: belarus.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі