Ці будуць лекары выпісваць людзям горшыя лекі?

Цяпер калі вы прыходзіце да лекара, ён часта вымушаны выпісаць вам рэцэпт не згодна са сваім меркаваннем, а згодна з палітыкай дзяржавы. А яна накіравана на экстрэмальнае імпартазамяшчэнне, то бок на тое, каб 80 % нашых лекаў былі беларускімі.
Таму, ідучы ў аптэку, лепш добра ведаць, які прэпарат вам падыходзіць. А калі з двух аналагаў вы аддаеце перавагу імпартнаму, то ніхто не гарантуе, што вы яго там знойдзеце.

Еўрарадыё вырашыла праверыць, ці сапраўды аптэкары вымушаны раіць сваім кліентам беларускія лекі – якімі б яны ні былі, і вось што пачула ў адной з мінскіх аптэк.

Аптэкар
: “Ну як няма ціску? Ёсць негалоснае – ды якое негалоснае, галоснае! – распараджэнне, што ў першую чаргу трэба рэкамендаваць беларускія лекі. Як і ўсё. Ёсць такое ўказанне, як і ўсюды, не толькі ў нашай аптэцы.

Мы выконваем тое, што нам кажуць. Але, ведаеце, гэта залежыць ад чалавека, які сядзіць на касе. Нехта — адразу: “Беларускае!”, нехта — не. Але, канечне, па якасці лепей імпартныя лекі, чым нашы”.


Ці павялічылася колькасць рэцэптаў на беларускія лекі, асабліва ільготных, — было наша наступнае пытанне.

Аптэкар: “Канечне. І найменняў беларускіх лекаў стала больш, і рэцэптаў. Я працую ў аддзеле, дзе людзі ў асноўным з ільготнымі рэцэптамі. Так, колькасць беларускіх павялічылася”.

Абыходзіцца ўласнымі лекамі было б выдатна, кажуць усе лекары, але гэта немагчыма. Ніводная дзяржава, нават самая развітая, не вырабляе ўсіх відаў лекаў, яна спецыялізуецца на пэўных леках, а астатнія купляе за мяжой.

Беларусь хоча паспрабаваць, і нашы заводы пачынаюць хуткімі тэмпамі вырабляць новыя лекі. Але ці ёсць у нас распрацоўкі новых лекаў? Гэтае пытанне мы задалі Алене Калінічэнка, загадчыцы аддзела хіміі лекавых рэчываў Інстытута біяарганічнай хіміі Акадэміі навук.

Алена Калінічэнка
: “У распрацоўкі грошы не ўкладаюцца. Іх укладаюць хіба што ў тэхналогіі і давядзенне іх да выпуску. Таму ўсе распрацоўкі ў нас 70-х – 80-х гадоў. Адкуль узяцца новым лекам? Мне падаецца, сёння мы проста праядаем наш заўтрашні дзень”.

Нашым лекам пастаўлена патрабаванне: яны мусяць быць таннымі. А гэта значыць, што для іх вытворчасці мусіць выкарыстоўвацца танная сыравіна, а значыць, не такая якасная.

У нас ёсць шэраг прэпаратаў, якія пераўзыходзяць па якасці замежныя ці не маюць аналагаў, але ёсць і адваротныя. Гаворыць Алена Калінічэнка.

Алена Калінічэнка
: “Флударабін фасфат – у нас ён ідзе як флюдарабін. У нас па чысціні ён ідзе больш высокі, чым у замежнай фірмы.

Бутамінафенавая мазь – наш рэгіянальны прэпарат, зроблены ва універсітэце, яго няма за мяжой. Глікладзін... Але ёсць і наадварот: я ведаю, што вельмі многія лекары скардзяцца на тое, што нашыя сардэчна-сасудзістыя прэпараты не працуюць”.


На некаторыя прэпараты ўявіць сабе беларускую манаполію амаль немагчыма. Па-першае таму, што распрацоўка іх – працэс зусім не танны.

А па-другое, сярод іх мусіць быць вялікі выбар, бо падабраць такія лекі – справа вельмі індывідуальная. Працягвае Алег Абрамаў, кіраўнік прадстаўніцтва кампаніі “Арганон”.

Алег Абрамаў: “Мы займаемся гінекалагічнай эндакрыналогіяй, у прыватнасці, гарманальнай кантрацэпцыяй. Цяпер кожная жанчына мае магчымасць выбраць прыблізна з пятнаццаці самых розных кантрацэптываў самага рознага ўзроўню.

Уявіце, што будзе, калі заўтра выйдзе на рынак нейкі беларускі кантрацэптыў, і вы, як карыстальнік, будзеце вымушаны карыстацца адным кантрацэптывам. А ці падыдзе ён вам – вялікае пытанне”.

Усе лекары, з якімі мы гаварылі, кажуць, што не збіраюцца здраджваць клятве Гіпакрата. Калі перад імі будзе стаяць выбар: пашкодзіць пацыенту, прапісаўшы лекі, якія яму не падыходзяць, ці дапамагчы – яны выбяруць другое.

Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі