Ці было новае ўзбраенне на парадзе 3 ліпеня? Распавядае эксперт
Мінскі ваенны парад 3 ліпеня пазіцыянаваўся як паказ апошніх навінак у ваенна-прамысловым комплексе. Але ці было так на самой справе?
Каментуе ваенны эксперт Аляксандр Алесін:
"Парад у гэтым годзе зрабіў дзіўнае ўражанне. Звычайна ён разлічаны на дзве аўдыторыі: на ўнутраную і на знешнюю. Знешняя — гэта ваенныя аташэ, аглядальнікі і ваенныя назіральнікі. Сёлета парад быў больш разлічаны на ўнутраную аўдыторыю.
Калі параўноўваць, колькі нам паказалі старой ваеннай тэхнікі, хай і мадэрнізаванай, і колькі навінак, дык "старызны" нашмат больш. Паспрабавалі ўзяць не якасцю, а колькасцю. Больш ваеннаслужачых, больш старой тэхнікі.
Таму я мяркую, што кіраўніцтва краіны дзейнічае па прынцыпе "хлеба і відовішчаў", але з хлебам праз эканамічную сітуацыю не ўсё гладка, таму даводзіцца налягаць на відовішчы.
Хачу звярнуць увагу на беспілотнікі, якія правезлі на аўтамабілях. Яны непрыкметна глядзеліся, але на самой справе беспілотнікі — гэта будучыня ваеннай справы. Яны могуць наносіць удары па кропкавых цэлях і прымяняцца для знішчэння розных ваенных і палітычных лідараў, важакоў і камандзіраў. Беспілотнікі "Буравеснік", "Грыф", "Бусел" — гэта будучыня арміі.
Асобна хачу звярнуць увагу на робатаў. На некалькіх браневіках былі ўсталяваныя баявыя модулі дыстанцыйнага кіравання. Іх можна ўсталёўваць і на зямлі, каб, напрыклад, ахоўваць атамную станцыю".