Ці дапаможа апазіцыі заваяваць давер людзей змена гальштука на матылёк?

Што да рэбрэндынгу, то апазіцыя яго час ад часу праводзіць. Вось, да прыкладу, лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч пару тыдняў таму замяніў гальштук на матылёк. Але ні на якія іншыя змены ці рэбрэндынгі партыя не згодная і не лічыць іх патрэбнымі, упэўнівае намеснік старшыні партыі Рыгор Кастусёў.

                                        Аляксей Янукевіч

Рыгор Кастусёў: “У нас на з’ездах праходзілі абранні новых старшынь, на базе БНФ адбывалася стварэнне новых партый ці арганізацый, але калі мы зменім назву, то гэта прывядзе толькі да таго, што партыю пачнуць забываць. Станоўчы брэнд БНФ менавіта ў яго назве. Што да астатніх нейкіх змен, то нас і паважаюць за тое, што пазіцыі аднолькавыя застаюцца — якімі яны былі ў 1994 годзе, такія яны і ў 2014”.

У названую НІСЭПД лічбу палітык не верыць — кажа, што людзі проста баяцца казаць праўду. І сцвярджае, што на самай справе апазіцыі не давярае толькі каля 30% беларусаў — шчырых прыхільнікаў цяперашняй улады. І лічыць, што партыя мусіць працаваць, не зважаючы на вынікі розных апытанняў.

                            Рыгор Кастусёў

У 2009 годзе Партыя камуністаў Беларуская ўжо правяла рэбрэндынг — змяніла назву на “Справядлівы свет”, прыгадвае намеснік старшыні партыі Валерый Ухналёў. І пэўныя станоўчыя вынікі ад гэтага былі.

Валерый Ухналёў: “Вось мы правялі рэбрэндынг і назву змянілі — гэта дало станоўчы эфект, у нас з’явіліся новыя людзі. Адразу пасля змены назвы іх стала больш, і цяпер яны з’яўляюцца, але меней. Гэта таксама ўплывае — і змена назвы, і лідара, але, мне падаецца, не на першым месцы”.

                  Лідар партыі "Справядлівы свет" Сяргей Калякін

Прыведзеныя НІСЭПД лічбы палітык лічыць рэальнымі — менавіта столькі людзей апазіцыі не давярае. Але недавер той ад таго, што людзі проста не ведаюць, хто што прапаноўвае, якія ў апазіцыі ідэі. І калі данесці іх праз тэлебачанне магчымасці няма, то трэба ісці з імі “ў народ”. А што ж апошнія 20 гадоў — не хадзілі ці не здолелі данесці?

Валерый Ухналёў: “Калі б у нас было радыё-тэлебачанне, гэта быў бы іншы варыянт. А так мала хадзілі, трэба ісці, гаварыць, раскідваць улёткі з інфармацыяй… Так — недастаткова ўсё гэта ўвесь час рабілі!”

                     Валерый Ухналёў

Аб’яднаная грамадзянская партыя ўжо шмат гадоў нічога не змяняла — ні назвы партыі, ні лідара, ні нават яго іміджу. А ўсё таму, упэўнены намеснік старшыні партыі Леў Марголін, што зменшыць недавер да апазіцыі нічога не дапаможа. Нават самароспуск, бо “апазіцыя — гэта не арганізацыя, а сумленне чалавека”. Не верыць палітык і ў тое, што давер людзей зможа заваяваць новая сіла. Хоць яна і будзе ўсімі сродкамі “адхрышчвацца” ад апазіцыйнасці.

Леў Марголін: “Любая сіла, якая будзе імкнуцца гаварыць з народам, імкнуцца даносіць да яго нейкія праўдзівыя словы, будзе аўтаматычна атаясамлівацца з апазіцыяй. І ўся дзяржаўная машына будзе імкнуцца гэта зрабіць. Таму я не бачу магчымасці для з’яўлення нейкай трэцяй сілы”.

                                           Леў Марголін

І паўтарае словы Ухналёва пра неабходнасць “ісці ў народ” і Кастусёва пра “працаваць і не зважаць”.

Правесці поўны рэбрэндынг, са зменай лідараў, назваў і лозунгаў, для апазіцыі было б вельмі карысна, упэўнены палітолаг Андрэй Казакевіч. Іншая рэч, што далёкія ад палітыкі людзі калі і хочуць нейкіх зменаў у краіне, то не жадаюць, каб іх прыўносіла апазіцыя.

Андрэй Казакевіч: “Для большасці беларускага грамадства важна, каб гэтыя перамены ажыццявілі самі ўлады. Каб сама ўлада крыху абнавілася, прыйшлі новыя людзі і пачалі рэформы. У людзей ёсць адчуванне, што гэта больш бяспечны і менш рызыкоўны варыянт. Яны лічаць, што прыход да ўлады людзей, якія апошнія дзесяцігоддзі не былі ўключаныя ў дзяржаўную сістэму, можа прывесці да нейкай дэстабілізацыі, да ўкраінскага сцэнару”.

Тым не менш, каб пашырыць сваю аўдыторыю, эксперт раіць апазіцыі больш увагі аддаваць электронным СМІ і пастарацца перастаць быць “радыкальным апанентам улады па ўсіх пытаннях”. Хаця б на ўзроўні рыторыкі.

Калі апазіцыя пагаджаецца з уладай, то навошта тады патрэбная такая апазіцыя, задае рытарычнае пытанне палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч. І пагаджаецца з Марголіным у тым, што ніякія рэбрэндынгі не павысяць давер людзей да апазіцыі.

Валерый Карбалевіч: “Калі страчаны давер да ўлады, тады насельніцтва гатовае глядзець: “А што там на іншым баку, што можа прапанаваць апазіцыя?” Пакуль жа давер да ўлады існуе і насельніцтва задаволенае, то ў той бок яно нават не глядзіць. І што б ні рабілі лідары апазіцыі — ці пераапраналіся, ці мянялі назву альбо кіраўнікоў — гэта мала дапаможа”.

                          Валерый Карбалевіч

Любую новую партыю “Мы — не апазіцыя” ўлады хуценька ў апазіцыю запішуць, а народ паслухаецца і распаўсюдзіць на яе свае 65% недаверу. І змяніць гэта, кажа Карбалевіч, можа толькі глабальны беларускі эканамічны крызіс. Але гэта ўжо ад апазіцыі не залежыць.

Фота: Змітра Лукашука, з сацыяльных сетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі