Мы перасталі кантактаваць з Сапега яшчэ з часу хатняга арышту — Пратасевіч
Соф'я Сапега на судзе
Былы рэдактар NEXTA, а цяпер зваршчык Раман Пратасевіч не кантактуе з расіянкай Соф'яй Сапега, з якой раней быў у адносінах. Іх сувязь перарвалася з часу, калі яны былі пад хатнім арыштам. Пра гэта ён расказаў падчас стрыму ў прапагандыста Рыгора Азаронка 19 верасня.
"Мы перасталі кантактаваць яшчэ з таго моманту, калі мы знаходзіліся пад хатнім арыштам. Спачатку мы наогул жылі ўдваіх пад хатнім арыштам, парачка. А калі ў нас пачаліся канфлікты, нас рассялілі", — сказаў Раман Пратасевіч.
Ён кажа, што пасля рассялення ён і Соф'я Сапега жылі ў розных кватэрах. И сувязь з таго часу не падтрымліваюць.
Соф'ю Сапега арыштавалі разам з Раманам Пратасевічам 23 траўня 2021 года, калі беларускія ўлады прымусова пасадзілі самалёт Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню.
У траўні 2022 года Сапега асудзілі на шэсць гадоў калоніі па справе "Чорнай кнігі Беларусі". Пасля 13 месяцаў зняволення яе памілавалі і перадалі расіянам. Дзяўчына пакінула Беларусь і ў сацсетках не раскрывае сваё цяперашняе месца жыхарства.
У траўні 2022-га паведамлялася, што Пратасевіч ажаніўся з іншай дзяўчынай. Раней ён казаў, што парай з Сапега яны перасталі быць яшчэ да таго, як селі на самалёт Ryanair.
Пратасевіча 3 траўня 2023-га прысудзілі да васьмі гадоў калоніі, але 22 траўня таго ж года яго памілавалі.
У СМІ сцвярджалі, што на паказаннях Пратасевіча грунтаваліся справы супраць шэрагу іншых палітвязняў. У іх ліку называліся бізнесовец Павел Белавус (13 гадоў пазбаўлення волі), блогер Эдуард Пальчыс (13 гадоў), экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў (1,5 года). Таксама "Наша Ніва" пісала, што Пратасевіч расказаў сілавікам, што адвакаты перадаюць на волю матэрыялы крымінальных спраў супраць палітвязняў і папярэджваюць тых, каму пагражае арышт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.