"Проста пажадаю яму пражыць гэтае жыццё годна", — Сапега пра Пратасевіча

Сафія Сапега пасля вызвалення / ТАСС
Сафія Сапега пасля вызвалення / ТАСС

Час пасля памілавання расіянка Сафія Сапега плануе правесці са сваёй сям'ёй, бо ў калоніі яна не мела спатканняў з роднымі. Пра гэта дзяўчына сказала ў інтэрв'ю "Камсамольскай праўдзе".

Як распавядала Еўрарадыё, 7 чэрвеня палітзняволеная Сафія Сапега была памілаваная рашэннем Аляксандра Лукашэнкі. Яе перадалі дэлегацыі Прыморскага краю РФ, якую ўзначальваў губернатар Алег Кажамяка.

Сапега кажа, што памілаванне для яе стала нечаканым: яшчэ за паўгадзіны да выхаду яна нічога не ведала. Ёй проста зачыталі рашэнне Лукашэнкі і выпусцілі з калоніі.

На пытанне наконт Рамана Пратасевіча дзяўчына адказала так: "Насамрэч, я, напэўна, зраблю... больш правільна, калі... нічога не скажу пра гэтага чалавека. Проста пажадаю яму пражыць гэтае жыццё годна. І на гэтым, напэўна, усё".

Таксама яна заявіла, што іх ранейшыя адносіны з Пратасевічам нельга назваць каханнем.

У траўні 2021 года Сафію Сапега знялі з рэйса Ryanair разам з экс-галоўрэдам Nexta Раманам Пратасевічам. Дзяўчыну, якая адміністравала "Чорную кнігу Беларусі", асудзілі на 6 гадоў пазбаўлення волі. Раней у памілаванні ёй адмовілі, але ў красавіку 2023-га Генпракуратура Беларусі пагадзілася перадаць яе ў Расію для далейшага адбывання пакарання. Суд па экстрадыцыі Сапега пачаўся ў Маскве 24 траўня. Абарона хадайнічала пра перанос яго ў Прымор'е, дзе раней жыла дзяўчына.

Пратасевіча 3 траўня асудзілі на 8 гадоў калоніі, а ўжо 22 траўня яго памілаваў Лукашэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі