Ці дасягне курс долара 18 тысяч да выбараў?

Каторы дзень таргі на беларускай валютна-фондавай біржы “стабільна” заканчваюцца ростам курса долара ды еўра да беларускага рубля. Беларусы пайшлі ў абменнікі, ці гэта нешта іншае абвальваць беларускі рубель?

Кіруемся ў бліжэйшыя абменнікі. “Белаграпрамбанк”, што на вуліцы Карла Маркса, сустракае пустэчай — ля кас адзін кліент выплачвае запазычанасць па крэдыце. Касіры сумуюць.

“Набываюць, і па 200, і па 100, і больш. Хто колькі можа, але панікі няма”, — кажа мне сімпатычная касірка Кацярына. Каця зніжэння курсаў таксама не чакае — дзе там, учора курс долара да беларускага рубля быў роўны 16700, а сёння на 130 рублёў больш!

Ля абменніка "Беларусбанка" у ГУМе цэлая чарга, нехта долары здае, нехта набывае. Я фатаграфую табло з курсамі, а нейкі замежнік удакладняе ў мяне, ці сапраўдныя гэта курсы. Я адказаць не паспяваю — жанчына за спіной раздражнёна кажа:

“У нас курсы мяняюцца па чатыры разы на дні, таму гэты курс можа быць і неактуальны ўжо”.

Таццяна плаціць за тэлефон, кажа, што долар можа скокнуць і да 30 тысяч рублёў, але сама яна валюту не набывае. Няма за што.

“Мне сумна стаяць у чарзе за валютай, там людзі сварацца, што долараў няма, нервовыя ўсе, навошта мне гэта”, — Таццяна не сумняваецца, што пасля выбараў долар будзе даражэць.

Уладзімір лішкі заробка абавязкова пераводзіць у валюту.

“Рублі пакідаю толькі разлічвацца за нешта, бо яны кожны дзень абясцэньваюцца. Я вось цяпер набываў долары — ужо 16750!”

Ён упэўнены, што і месяца не міне, як долар дарасце да 20 000 рублёў.

Пра тое, што да выбараў курс худа-бедна будзе паволі паўзці, упэўненыя ўсе апытаныя мінчукі.

“Калі пачынаю думаць пра курс долара, адразу страшна. Думаю, варта зрабіць для сябе такі міні-валютны кошык і трымаць грошы ў розных валютах. Але найперш не панікаваць”, — як заклён паўтарае Вольга, яна толькі што без панікі набыла ў банку 100 долараў. Вольга ўпэўненая, што курс старанна кантралюецца Нацбанкам. Каб не рэгулятар, долар скокнуў бы да 20 000 даўно.

Між тым, Нацбанк дае афіцыйнае тлумачэнне, як і чаму фарміруецца такі курс — усё рынак, дзетка.

Чаму курс долара так расце тлумачыць старэйшы аналітык “Альпары” Вадзім Іосуб.

Курс долара ў Беларусі залежыць ад кошту нафты

“Гэта рэакцыя на адчувальнае падзенне расійскага рубля. Яго кошт ставіць рэкорды адносна долара і еўра. У нас па апошніх мерках долар і еўра падаражэлі, а расійскі рубель знізіўся. Нягледзячы на тое, што долар і еўра паказалі чарговыя гістарычныя максімумы, у цэлым беларускі рубель умацаваўся да кошыка валют на 0,2%”.

Пры гэтым Вадзім Іосуб падкрэслівае, долар будзе расці, пакуль будзе падаць кошт нафты.

Эксперт Яраслаў Раманчук ацэньвае цяперашні рост курса долара ды еўра як адміністрацыйную меру — курс яшчэ стрымліваецца аўтаматычна перад выбарамі, нягледзячы на завярэнні Нацбанка.

Пасля выбараў тэмпы дэвальвацыі толькі паскорацца:

“Сітуацыя ў эканоміцы, у разліках, на знешніх рынках Беларусі, а таксама стан знешніх пазык адназначна ўказвае, што дэвальвацыя беларускага рубля прадвызначаная. Сёння мы маем палітызаваны курс нашай валюты. Пасля 11 кастрычніка ён будзе меней палітызаваным і хуткасць дэвальвацыі паскорыцца. Але калі сітуацыя на рынках знешніх валют з расійскім рублём, кітайскім юанем, казахскім тэнге будзе захоўвацца як цяпер, то курс долара ў Беларусі будзе 18 тысяч яшчэ да выбараў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі