Ці гатовы кінафестываль “Лістапад” да байкоту з боку беларускіх рэжысёраў?
З 2 па 9 лістапада ў Мінску пройдзе 25 па ліку міжнародны кінафестываль “Лістапад”. Праўда, падзея сёлета не выглядае пафаснай і пазітыўнай, як гэта магло падавацца 10 гадоў таму.
Пасля таго, як у лютым 2018 года міністр культуры Юрый Бондар раскрытыкаваў беларускія фільмы, паказаныя на кінафэстывалі, назваўшы іх “чарнухай, знятай за тры капейкі на лічбавую камеру”, мінкульт сур’ёзна ўзяўся за фестываль. Асабліва за Нацыянальны конкурс. Цяпер 87 пададзеных конкурсных прац прайшлі праз рэнтген любімага чыноўнікамі “мастацкага ўзроўню” і менавіта камісія з міністэрства на чале з Ірынай Дрыгай вырашыла, якія фільмы будуць прэтэндаваць на перамогу. Арганізатараў кінафестывалю нават не запрасілі паўдзельнічаць у выяўленні дваццаткі стужак, якія возьмуць удзел у конкурсе.
Знаўцы кіно б’юць трывогу: “Лістапад” можна страціць права праводзіць фестывалі, якія атрымліваюць міжнародную акрэдытацыю, бо, згодна з правіламі, фестываль мусіць быць па-за цэнзурай з боку дзяржавы. А цяпер цэнзура з боку Мінкульту відавочная.
Ці варта баяцца, што Беларусь у выніку застанецца без буйнога кінафестывалю? Ці прызнае Мінкульт памылку, калі беларускія рэжысёры аб’явяць байкот сёлетняму “Лістападу”, як да гэтага заклікаюць у сеціве? Чаму тытулаваны фільм Дар’і Жук не трапіў у гульнявую праграму конкурсу? І ўвогуле, якія фільмы фестывалю ні ў якім разе нельга прапусціць, у жывым эфіры Еўрарадыё распавялі праграмны дырэктар ігравога кіно Ігар Сукманаў і каардынатар Нацыянальнага конкурсу Мікалай Лаўранюк.
Слухаць ці спампаваць падкаст размовы ніжэй.