Ці можна набыць легальную кукурузу ў пачатках?

Блогер Аляксандр Ачэрэтні абураецца на сваёй старонцы ў Facebook, што купіць у сталіцы кукурузу, акрамя як крадзенай, няма дзе.

Міліцыя папярэджвае: за крадзеж кукурузы з калгаснага поля — вялікі штраф і арышт.

Пачатак кукурузы на “Камароўцы” ў бабулек — 2000 рублёў. Затое ў гіпермаркетах пра кукурузу нават не чулі:

“Свежай? Беларускай? Прызнацца, я нават не чула, каб у нас была свежая кукуруза”.

Кукурузу знаходжу ў гіпермаркеце за кальцавой, кукуруза там вараная.

“45 тысяч за кіло, беларуская”, — кажуць мне ў інфа-цэнтры гіпермаркета.

У “Суседзях” засталося 11 кілаграм у вакууме. За дзве штучкі просяць… 12 тысяч рублёў!

Неблагі гандаль! Выгадней, чым памідоры вырошчваць.

Чаму кукурузу не вырошчваюць на продаж, нягледзячы на яе дарагоўлю, пытаюся ў намесніка дырэктара гаспадаркі “Александрыйскае” Івана Барталевіча.

“Ну, дык неяк ніхто не пытаўся пра яе. Мы толькі на фураж вырошчваем, у нас кармавая”, — распавядае аграном. Яго здзіўленне я літаральна адчуваю праз сотні кіламетраў! Аграном распавядае, што кукуруза ў вырошчванні простая: галоўнае — прапалоць.

Еўрарадыё: Ці не крадуць кукурузу?

“У нас ахова, калі зловім — міліцыю выклікаем, за кожны пачатак — 10 000 рублёў штрафу. Я не ведаю, як у іншых гаспадарках, але ў нас так”.

У крамах знаходжу айчынную кукурузу  ў кансервах. Вытворца — Тураўскі кансервавы завод.

У аддзеле продажу завода кажуць, што кукуруза ў кансервах ідзе на ўра:

“І дзіцячыя садкі бяруць, і школы замаўляюць — у нас жа праграма “Купляйце беларускае”. Таму вельмі добра ідзе кукуруза, тым больш мы, здаецца, адныя такую кукурузу вырабляем”.

У гаспадарцы “Тураўшчына”, дзе ёсць адмысловы сорт цукровай кукурузы, кажуць, што вырошчваць кукурузу на продаж у пачатках… нявыгадна.

“Вырабляць кукурузу у кансервах — гэта няпростая справа, лінейку адкрываць трэба на заводзе, машыну купляць”.

Дарэчы, як піша “Беларуская ніва”, паводле папярэдніх дадзеных, у гэтым годзе будзе каля 2 мільёнаў тон сіласа. Добры ўраджай!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі