Ці патаннеюць мабільныя званкі ў сеткі іншых аператараў?

Беларускі ўрад хоча рэгуляваць тарыфы на мабільную сувязь. Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра цэны на трафік паміж сеткамі мабільных аператараў, якія чыноўнікі лічаць завышанымі. 15 лютага Саўмін Пастановай №191 уключыў “пропуск трафіку паміж сеткамі аператараў сотавай рухомай сувязі за адну хвіліну спалучэння” у спіс паслугаў, тарыфы на якія рэгулююцца Міністэрствам эканомікі.

Але як менавіта дзяржава збіраецца паставіць на месца тарыфы на мабільную сувязь? Каментароў ад чыноўнікаў Еўрарадыё давялося чакаць больш за тыдзень. Нарэшце пра новую пастанову распавяла нам прэс-сакратар Мінсувязі Эла Чазава.

Эла Чазава: “Пастанова Савета Міністраў №191 набыла моц. У дадзены момант вядзецца праца па высвятленні сродкаў рэгулявання тарыфаў. Гэта можа быць усталяванне фіксаваных цэн, гранічных цэн, парадак высвятлення і прымянення цэн тарыфаў. Гэтая пастанова дазволіць не толькі знізіць кошт паслуг аператараў сотавай сувязі, але і дазволіць стварыць у Беларусі ўмовы для прыходу на рынак новых аператараў”.

З каментара вынікае, што спосаб, якім будуць рэгулявацца цэны на рынку мабільнай сувязі, дагэтуль нявызначаны. Адпаведна, пакуль што невядома і тое, наколькі знізяцца цэны і ці знізяцца яны ўвогуле. Пры гэтым плануецца, што ўжо 1 лютага 2012 года улады будуць самастойна рэгуляваць тарыфы на званкі з адной сеткі ў іншую.

Адразу пасля прыняцця пастановы ў СТАА “Мабільныя ТэлеСістэмы” Еўрарадыё распавялі, што “не валодаюць ніякай інфармацыяй наконт гэтага рашэння”.

Пакуль што мінімальны кошт званкоў у сетку іншага мабільнага аператара складае 60 рублёў за хвіліну, а максімальны — 420 рублёў, дадалі ў МТС.

У ЗП “Вэлком” прыняццю такой пастановы здзівіліся. Маўляў, і так увесь час ствараем новыя тарыфы, каб абанентам было зручней, распавялі ў інфармацыйнай службе кампаніі.


“Добра, што сказалі, я пра гэта не ведала. Кампанія ўвесь час уводзіць новыя тарыфы, імкнецца кампенсаваць тое, што для кагосьці існуючыя тарыфы нязручныя”.

Самы танны званок у іншую сетку на “Вэлкоме” сёння каштуе 199 рублёў. Самы дарагі — 460 рублёў за хвіліну размовы, паведаміла супрацоўніца мабільнага аператара.

Сотавыя аператары дагэтуль не каментуюць пастанову, спасылаючыся на адсутнасць інфармацыі і пэўных рэкамендацый на гэты конт.

Рэалізоўваць Пастанову №191 давядзецца Міністэрству эканомікі. Але 4 сакавіка і там не змаглі сказаць, як будуць рэгулявацца тарыфы і якіх цэн на званкі варта чакаць беларусам у 2012 годзе.

Фота: mobiltelefon.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі