Ці стане Лябедзька чужым для апазіцыі?

“Лябедзьку калегі з апазіцыі не пададуць рукі”, “Аб’яднаную грамадзянскую партыю не возьмуць ні ў адну кааліцыю”, “Ідэя аўдыту фінансавай дапамогі на дэмакратызацыю Беларусі канчаткова пасварыць дэмакратаў”… Прычынай такога калапсу, прадказваюць аналітыкі і каментатары, стане праверка еўрачыноўнікамі — куды канкрэтна ідуць “беларускія грошы” Еўрасаюза. Ідэю гэтую еўрапейцам падкінуў Анатоль Лябедзька.



Сам Лябедзька таго, што з ім “перастануць сябраваць” калегі па “дэмакратычным цэху”, не баіцца.



Анатоль Лябедзька: “Калі ёсць такія людзі, якія лічаць, што на сённяшні дзень міжнародная дапамога Беларусі адпавядае ўсім крытэрыям празрыстасці, эфектыўнасці і яна рэальна набліжае дэмакратызацыю Беларусі, то ў нас іншы падыход, і ў мяне іншая пазіцыя. Таму, лічу, што ў гэтай сітуацыі мы нічога не страцім (калі з АГП і Лябедзькам перастануць сябраваць калегі — Еўрарадыё): выехаць з камунальнай кватэры — гэта будзе своечасова”.



З асобнымі структурамі ў лідэра АГП і можа ўзнікнуць пэўная напружанасць, лічыць старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.



Анатоль Янукевіч: “Усё гэта можа пасварыць Анатоля Лябедзьку і АГП з грамадскімі арганізацыямі ці якімі іншымі суб’ектамі, якія могуць падпадаць пад гэтую прапанову. Але што тычыцца палітычных партый і арганізацый, то я не бачу тут прадмета для таго, каб узнікла наступная лінія напружанасці”.



Старшыня партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін наадварот — руку калегу паабяцаў паціснуць, калі такі аўдыт пачнецца. Нават выказваецца за тое, каб еўрапейскі аўдыт не толькі паказаў, колькі грошай ідзе, да прыкладу, незалежным медыя, а колькі — грамадскім арганізацыям, але і назвалі гэтых атрымальнікаў “па імёнах”.



Сяргей Калякін: “Калі мы будзем ведаць, што нехта атрымлівае грошы на нейкія экалагічныя праграмы, то я буду ведаць, што да іх можна звяртацца, бо яны маюць сродкі на тое, каб разам нешта планаваць па экалогіі. Ці па нейкіх там правах грамадзян…”



Раздрай у апазіцыі ініцыятыва Лябедзькі не справакуе, упэўненыя і лідар грамадскай кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў і Сяргей Калякін. Тым не менш, абодва прызнаюцца, што ў асяродку ёсць тыя, каму яны насамрэч рукі не пададуць. І не падаюць. Вось толькі імёны не называюць.



Сяргей Калякін: “Называць я іх не буду, але гэтыя людзі пра гэта ведаюць. Публічнасці не трэба — гэта нічога добрага нам не прынясе. Але ёсць такія і структуры, і людзі”.



“Такія суб’екты і структуры ёсць, але яны не адносяцца да апазіцыі. А калі і адносяцца, то яны — нібыта, апазіцыя”, — удакладняе Уладзімір Някляеў.


Аднымі толькі размовамі справа не завершыцца, — запэўнівае Еўрарадыё Анатоль Лябедзька і спасылаецца на… дыскусію.



Анатоль Лябедзька: “Вынікам дыскусіі ў Бруселі стала рашэнне рабочай групы па Беларусі правесці дыскусію (!), цалкам прысвечаную гэтаму пытанню на наступным пасяджэнні. Хутчэй за ўсё, гэта будзе восенню”.


Такім чынам, у тых, хто атрымлівае еўрапейскія грошы пад “пустыя” праекты час яшчэ ёсць. Для дыскусіі.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі