Ціханоўская — пра заклік да больш актыўных дзеянняў па вызваленні палітвязняў

Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya

Святлана Ціханоўская адказала на заклік да больш актыўных дзеянняў па вызваленні палітвязняў. З такім зваротам некалькі дзён таму выступілі сваякі палітвязняў.

Ціханоўская нагадала, што па падліках ПЦ "Вясна" сёння ў краіне 1439 палітвязняў, а яшчэ ёсць тысячы чалавек, не прызнаных палітвязнямі, але асуджаных па палітычных матывах. І кожны месяц гэтая лічба павялічваецца прыкладна на сто чалавек.

"За кратамі зневажаюць чалавечую годнасць, ствараюць невыносныя ўмовы ўтрымання, некалькі беларусаў ужо былі даведзеныя ў гэтых умовах да смерці. Ёсць гуманітарны спіс з імёнаў тых, хто проста цяпер знаходзіцца ў крытычным стане і не атрымлівае лячэння", — кажа яна.

Выхад палітвязняў на свабоду Ціханоўская называе адным з найважнейшых прыярытэтаў працы.

"Мы падтрымліваем усе ініцыятывы і супольнасці, якія абараняюць правы палітвязняў і аб'ядноўваюць галасы іх родных. Мы гатовыя ў любы момант весці дыялог з усімі зацікаўленымі бакамі, у тым ліку пачаць перамовы з прадстаўнікамі рэжыму, каб вырашаць пытанні ўмоў утрымання і/або вызвалення палітычных закладнікаў. Мы падымаем усе магчымыя кантакты і пляцоўкі для пачатку такога дыялогу", — кажа палітык.

Яна заяўляе, што гатовая на любыя формы перамоваў, калі гэта будзе спрыяць вызваленню палітвязняў і развязанню іншых гуманітарных праблем, звязаных з палітычнымі зняволенымі. Па словах Ціханоўскай, гэта могуць быць як нефармальныя кантакты, так і перамовы на міжнародных пляцоўках пры знешнім пасярэдніцтве. Гарантамі дамоўленасцяў яна прапануе дзяржавы-медыятары або іншыя арганізацыі, якія маюць давер і валодаюць аўтарытэтам.

У Аб'яднаным пераходным кабінеце каардынацыяй працы па сітуацыі з палітвязнямі будзе займацца прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова. Яна ж будзе займацца і пытаннем перамоваў аб іх вызваленні.

"Мы гатовыя працаваць на вызваленне любога і кожнага, хто пацярпеў за сваю палітычную пазіцыю. Роўна як і на стварэнне ўмоў для бяспечнай магчымасці вярнуцца ў Беларусь для людзей, вымушаных бегчы ад рэпрэсій", — падкрэслівае Ціханоўская.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі