ЦВК не будзе прасіць мінскія ўлады дазволіць акцыі на Кастрычніцкай плошчы

Прадстаўнікі кандыдатаў у прэзідэнты звярнулі ўвагу чальцоў Цэнтральнай выбарчай камісіі на недахоп месцаў для выбарчай агітацыі. "Там-сям іх папросту недастаткова, а ў пэўных месцах яны занесеныя снегам, і да іх няма доступу", — паведаміла Таццяна Процька, прадстаўніца Ўладзіміра Някляева. Чальцы ЦВК пагадзілася з тым, што месцаў, вызначаных да выбарчай агітацыі, у пэўных гарадах недастаткова.

"Мы спрабавалі ўплываць на мясцовыя выканкамы, якія вызначаюць пералік месцаў для сустрэчаў з кандыдатамі, каб яны павялічылі іх колькасць, — адзначыў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. — Але мы не можам вырашаць пытанні, якія знаходзяцца ў іх кампетэнцыі".

На прапанову звярнуцца ў Мінгарвыканкам, каб той хаця б на час выбарчай кампаніі дазволіў масавыя мерапрыемствы на Кастрычніцкай плошчы (яе па чарзе агучылі прысутныя на пасяджэнні Павал Севярынец, Юрый Хадыка і Таццяна Шапуцька), ЦВК адказаў адмовай. Маўляў, месцы для перадвыбарнай агітацыі ў Мінску Мінгарвыканкам ужо вызначыў. Згодна з яго пастановай, Кастрычніцкая плошча, як і тры іншыя мінскія плошчы, уваходзіць у пералік месцаў, дзе выбарчая агітацыя забароненая.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі