Цылінская: "Я падтрымліваю расіян, але сцяг у нас ёсць свой"
Падчас цырымоніі адкрыцця Паралімпійскіх гульняў у Бразіліі член беларускай дэлегацыі Андрэй Фомачкін пранёс на стадыён расійскі сцяг у знак салідарнасці з расійскімі спартсменамі, дыскваліфікаванымі за допінг. Учынак беларускага спартыўнага чыноўніка пракаментавала вядомая беларуская велагоншчыца Наталля Цылінская:
"Разумееце, я ўсяляк падтрымліваю расійскіх паралімпійцаў. І лічу, што гэта крайняя подласць ― гэта дыскваліфікацыя паралімпійскай зборнай. Але ў нас ёсць свой сцяг. Вядома, трэба выступаць у абарону, змагацца. Але сцяг ― гэта не наша справа. Такое маё меркаванне. Гэта ўсё ж сцяг іншай краіны, гэта не наш сцяг. Мы прадстаўляем сваю Радзіму. Мы падтрымліваем іх і перажываем. Але прадстаўляем мы сваю Радзіму, не Расію", ― сказала Наталля Цылінская ў каментарыі Еўрарадыё.