Андрэй Фомачкін пра кватэру: Я не ведаю, ці змагу яе прыняць
3 кастрычніка ў Маскве адбылася цырымонія ўручэння беларускаму спартыўнаму чыноўніку Андрэю Фомачкіну сертыфіката на новую кватэру. Адбылося гэта падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай перадачы расійскім паралімпійцам сцяга Расіі, які на цырымоніі адкрыцця Паралімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра пранёс Фомачкін. Яго ўчынак выклікаў вялікі рэзананс.
"Прыемна, што такі чалавечы парыў. Я вельмі ўдзячны... Ці змагу я прыняць падарунак ― не ведаю. Я дзяржслужачы, гэтае пытанне яшчэ будзе вырашацца", ― сказаў Фомачкін у Маскве.
Кватэру для Андрэя Фомачкіна асабіста набыў Сяргей Шмакаў, былы спартовец, ён займаўся ралі-рэйдамі. Зараз ён займаецца будаўніцтвам. Шмакаў адзначыў, што не адразу вырашыў падарыць Фомачкіну кватэру. Ён параўнаў Фомачкіна з Аляксандрам Матросавым.
"Проста так нельга было пакінуць... Трэба неяк адзначыць гэта. "Мелодыі леса" ― шыкоўны жылы комплекс. Андрэй заслугоўвае таго, каб там жыць. Гэты падарунак ― асабіста ад мяне. Мне вельмі прыемна гэта зрабіць", ― сказаў Шмакаў.
Жылы комплекс "Мелодыя лесу" знаходзіцца ў Сонечнагорскім раёне Маскоўскай вобласці ў 25 км ад МКАД. На сайце "Мелодыю лесу" можна пабачыць цэны на кватэры, якія яшчэ прадаюцца. Трохпакаёўка каштуе каля 5 млн расійскіх рублёў (гэта каля 79 тысяч долараў), аднапакаёўка — каля 2 млн рублёў (больш за 30 тысяч долараў).