Беларускі чыноўнік Фомачкін, які нёс расійскі сцяг у Рыа, узначаліў “Раўбічы”
Беларускі спартыўны функцыянер Андрэй Фомачкін, які ў 2016 годзе на парадзе адкрыцця Паралімпіяды ў Рыа ўзняў расійскі сцяг, узначаліў спарткомплекс “Раўбічы”. Пра гэта парталу tut.by паведамілі ў Міністэрстве спорту і турызму. Раней ён быў кіраўніком аддзела зімовых відаў спорту ва ўпраўленні нацыянальных каманд Мінспорту. Папярэднім дырэктарам “Раўбічаў” быў Андрэй Асташэвіч, якога ў канцы вясны абралі першым віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта (ён вядомы тым, што гуляе ў складзе хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі).
Як вядома, расійскіх паралімпійцаў не дапусцілі ў Рыа з-за допінг-скандалу. Андрэй Фомачкін сваім учынкам хацеў выказаць расіянам сваю салідарнасць, а ў выніку паставіў пад пагрозу дыскваліфікацыі беларускую зборную. У выніку Фомачкіна за праведзеную акцыю, якую палічылі “палітычнай”, з Бразіліі выслалі. МЗС Беларусі тады назваў учынак Фомачкіна “мужчынскім”. Падтрымаў яго і Аляксандр Лукашэнка.