Хто такі Фомачкін, які нёс расійскі сцяг на адкрыцці Паралімпіяды
У ноч з 7 на 8 верасня ў Рыа-дэ-Жанейра адбылася цырымонія адкрыцця летніх Паралімпійскіх гульняў. Зборная Расіі сёлета адхіленая ад удзелу ў поўным складзе, яе дэлегацыі у стадыёне Маракана не было. Аднак расійскі сцяг там усё ж з'явіўся. Яго нёс удзельнік беларускай дэлегацыі Андрэй Фомачкін.
Андрэй Фомачкін нарадзіўся 24 траўня 1963 у расійскім Армавіры. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі імя Куйбышава, пасля скончыў Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў фізічнай культуры, спорту і турызму.
Вядома, што Фомачкін прафесійна займаўся дзесяцібор'ем. Ён майстар спорту міжнароднага класа. Аднак вялікіх дасягненняў не меў. Найбольшы поспех Фомачкіна за прафесійную кар'еру ― пераможца і прызёр Спартакіяды народаў СССР у 1986 годзе. Таксама ён рэкардсмен СССР у зімовым шматбор’і.
Пасля завяршэння спартыўнай кар'еры Андрэй Фомачкін працаваў трэнерам-выкладчыкам СДзЮШАР Мінскай вобласці. Затым займаў шэраг кіруючых пастоў ў дзяржаўных і камерцыйных арганізацыях. З 2007 года Фомачкін працуе ў дырэктараце нацыянальных каманд. З 2008 па 2010 гады ― памочнік міністра спорту і турызму, з 2010 па 2012 гады ― старшыня дырэктарата нацыянальных каманд па відах спорту Міністэрства спорту і турызму.
На дадзены момант займае пасаду дырэктара Дырэктарата рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы.