“Я аддзячыў Фомачкіна, а што ён будзе рабіць з кватэрай далей — не мае справы”
Начальнік аддзела зімовых відаў спорту Міністэрства спорту Беларусі Андрэй Фомачкін, які на адкрыцці Паралімпіяды ў Рыа выйшаў з расійскім сцягам, атрымаў сертыфікат на кватэру ў жылым комплексе пад Масквой. Дакумент яму перадаў прэзідэнт групы кампаній "Сапсан", расійскі аўтагоншчык Сяргей Шмакаў.
“Я быў настолькі ўражаны яго ўчынкам, што вырашыў яму падзякаваць, — кажа бізнесовец. — Гэта было вельмі мужна! Фактычна яго можна лічыць пераможцам, а пераможцаў не судзяць, ім дзякуюць. Кватэру шукаў у прыгожым месцы, адмыслова, каб падарыць. Гэта мяжа Масквы, жылы комплекс знаходзіцца сярод лесу, называецца “Мелодыя лесу”, ёсць уся інфраструктура… карацей, годнае месца”.
Сяргей Шмакаў сцвярджае, што раней такіх падарункаў ніколі чыноўнікам не рабіў, гэта быў такі парыў душы. Бізнесовец разумее, што па законе чыноўнік не мае права прымаць падарункі, тым больш такія нятанныя, але пра далейшы лёс кватэры не жадае думаць.
“Ну, падарыць кватэру сястры, брату, яшчэ каму! На гэта ж ён мае права! — адмахваецца Сяргей Шмакаў. — Гэта ж яго асабістыя справы, і я нават не жадаю ў гэта ўмешвацца. Калі ён палічыць, што трэба перадаць кватэру дзяржаве — калі ласка, яго рашэнне”.
Андрэй Фомачкін атрымаў толькі сертыфікат на кватэру. Бізнесовец і беларускі чыноўнік абмяняліся тэлефонамі.
Нагадаем, 7 верасня на адкрыцці паралімпіяды ў Рыа Андрэй Фомачкін у складзе беларускай дэлегацыі вынес расійскі сцяг. Такім чынам чыноўнік выказаў падтрымку паралімпійскай зборнай суседняй краіны, якую дыскваліфікавалі праз допінгавы скандал. У выніку Міжнародны паралімпійскі камітэт прыраўнаваў гэты жэст да палітычнага пратэсту, і супрацоўнік Міністэрства спорту Беларусі быў пазбаўлены акрэдытацыі. “Мужнасць” ўчынку Фомачкіна была адзначаная і беларускімі чыноўнікамі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам.
Жылы комплекс "Мелодыя лесу" знаходзіцца ў Сонечнагорскім раёне Маскоўскай вобласці ў 25 км ад МКАД. На сайце "Мелодыю лесу" можна пабачыць цэны на кватэры, якія яшчэ прадаюцца. Трохпакаёўка каштуе каля 5 млн расійскіх рублёў (гэта каля 79 тысяч долараў), аднапакаёўка — каля 2 млн рублёў (больш за 30 тысяч долараў).