Фомачкін будзе вымушаны аддаць падораную Расіяй кватэру дзяржаве
Аб тым, што беларускаму спартыўнаму чыноўніку Андрэю Фомачкіну збіраюцца падарыць кватэру ў Маскве паведаміла афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Марыя Захарава. У сваім акаўнце ў Facebook яна напісала, што тыдзень таму да яе звярнуўся знаёмы з просьбай дапамагчы. "Пастаноўка пытання для мяне звыклая. Але ў гэты раз расійскі народ уразіў мяне ў самае сэрца... Прызнаюся, мяне не кожны дзень просяць дапамагчы падарыць камусьці кватэру. Усяго распавядаць не буду. Скажу толькі, што кватэра сапраўдная, у гатовым доме ― гэта я, натуральна, асабіста праверыла", ― паведаміла Захарава.
Дыпламат прывяла словы суразмоўцы, які прызнаўся, што настолькі захоплены учынкам Фомачкіна, які панёс дзяржаўны сцяг Расіі на цырымоніі адкрыцця Паралімпіяды, што хоча падарыць яму кватэру. Рэакцыя самаго Андрэя Фомачкіна на гэтую навіну пакуль невядомая. Па інфармацыі Еўрарадыё, ён зараз знаходзіцца ў Расіі.
Пры гэтым скарыстацца такім шыкоўным падарункам беларускі чыноўнік наўрад ці зможа. Як ён сам расказваў у каментары Еўрарадыё, Фомачкін з мінулай зімы працуе ў Міністэрстве спорту і турызму, дзе курыруе лыжныя віды спорту. А на ўсіх супрацоўнікаў міністэрстваў распаўсюджваецца дзеянне закона "Аб дзяржаўнай службе", прынятага ў 2003 годзе.
Згодна пункту 1.8 артыкула 22, беларускі дзяржаўны служачы не можа "прымаць маёмасць (падарункі) або атрымліваць іншую выгаду ў выглядзе паслугі ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў, за выключэннем сувеніраў, якія ўручаюцца пры правядзенні пратакольных і іншых афіцыйных мерапрыемстваў. Атрыманыя дзяржаўнымі служачымі пры правядзенні пратакольных і іншых афіцыйных мерапрыемстваў сувеніры, кошт якіх перавышае пяць базавых велічынь, перадаюцца ў даход дзяржавы па рашэнню камісіі, што ствараецца кіраўніком дзяржаўнага органа, у якім дзяржаўны служачы займае дзяржаўную пасаду".
Такім чынам падораную Фомачкіну кватэру ў Маскве можна трактаваць як сувенір, кошт якога перавышае пяць базавых (хутчэй за ўсё) і сувенір гэты (калі ён насамрэч будзе зроблены), Андрэй Фомачкін абавязаны аддаць дзяржаве.
У Міністэрстве спорту і турызму Еўрарадыё паведамілі, што кантралююць сітуацыю. "Па-першае, кватэру Фомачкіну падораць, наколькі нам вядома, не ў Маскве, а ў Мінску. Па-другое, гэтага пакуль не адбылося і аб нашых кроках гаварыць рана. Аднак можна з упэўненасцю гаварыць, што беларускае заканадаўства парушана не будзе", ― тлумачаць у прэс-службе Мінспорту.