Да 10 гадоў турмы можа пагражаць іранкам, якія выйдуць на вуліцу без хіджабу

Для жанчын у Іране, якія не хочуць насіць хіджаб, зробяць больш жорсткім пакаранне

Для жанчын у Іране, якія не хочуць насіць хіджаб, зробяць больш жорсткім пакаранне / pixabay.com

Парламент Ірана прыняў законапраект, які прадугледжвае 10 гадоў турмы для жанчын, якія парушаюць правілы ісламскага дрэс-кода. Законапраект называецца "Аб хіджабе і цнатлівасці". За яго прагаласавалі 152 дэпутата, супраць выступілі 34, устрымаліся 7, піша ВВС.

Пасля пратэстаў, якія здарыліся ў Іране год таму, многія жанчыны адмаўляюцца пакрываць галаву. Цяпер па законе іх могуць пакараць штрафам, яны могуць быць затрыманыя для гутаркі. Але ў паліцэйскім участку яны могуць сутыкнуцца са здзекамі. Адна з дзяўчат распавядала журналістам, што яе, да прыкладу, адправілі ў морг мыць трупы. Акрамя таго, суд можа прызначыць жанчыне без хіджаб спецыяльную "тэрапію". Але жанчыны ў Іране працягваюць адстойваць свае правы.

Новы законапраект яшчэ павінен ухваліць Савет вартавых орган канстытуцыйнага нагляду, пасля чаго ён стане паўнавартасным законам.

Нагадаем, хвалю пратэстаў супраць ушчамлення правоў жанчын справакавала смерць маладой іранкі Махсы Аміні ў верасні мінулага года. Яе затрымалі на вуліцы за хустку, якая з'ехала на патыліцу. У паліцэйскім участку яе збілі, у бальніцу прывезлі ўжо ў стане комы. Дзяўчына памерла. Ёй было 22 гады. На пахаванні Махсы жыхаркі яе роднага горада зрывалі з сябе хіджаб і паранджы. Настроі перакінуліся ў Тэгеран, а далей па ўсёй краіне. Падтрымалі іх і мужчыны. Праз некалькі месяцаў пратэсты былі падушаныя, але настроі ў грамадстве не змяніліся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі