Да чэмпіяната свету па хакеі ў Чыжоўцы пабудуюць 8 дарожных развязак

Дарожнікі Мінска таксама рыхтуюцца да Чэмпіяната свету па хакеі, які пройдзе ў нашай краіне ў 2014 годзе. Да гэтага часу плануецца давесці да ладу дарогі вакол мікрараёна Чыжоўка. Пра гэта Еўрарадыё расказаў генеральны дырэктар “Горрэмаўтадара” Іван Гурыновіч: Іван Гурыновіч: “У Чыжоўцы ў нас запланавана пабудаваць 8 развязак і рэканструяваць суседскія вуліцы”.

Паралельна ідзе рэканструкцыя вуліцы Маякоўскага — ад Лошыцы да Чэрвенскага рынка. Будзе дарога з васьміпалосным рухам і пуцеправодам Дзянісаўская — Маякоўскага. Скончыць гэтае будаўніцтва дарожнікі плануюць у 2012 годзе.

Сёлета пачалі рэканструкцыю праспекта Дзяржынскага: ад вуліцы Розы Люксембург да кальцавой дарогі. Там будзе тры развязкі і 8 падземных пераходаў.
 
Іван Гурыновіч: “Вядзем працы па вуліцы Ціміразева — дзве развязкі будзе. Запланавана вуліца Ташкенцкая з развязкай на кальцавую дарогу. Васьміпалосны рух будзе па гэтых вуліцах”.

Акрамя таго, дарожнікі да 2014 года давядуць да ладу вуліцу Кабушкіна, Партызанскі праспект. Пры гэтым грошай сталічным дарожнікам катастрафічна не хапае. Каб справіцца з пастаўленымі задачамі, кажа Іван Гурыновіч, ім давядзецца або браць крэдыты, або шукаць інвестраў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі