Да экспертызы па справе Ігара Пцічкіна далучылі незалежных экспертаў
Пра гэта следства, якое расследуе смерць у мінскім следчым ізалятары мінчука Ігара Пцічкіна, паведаміла сваякам нябожчыка.
Да экспертызы па справе далучаныя тры незалежныя эксперты, перадае Радыё "Свабода". Гэта адказныя супрацоўнікі Гродзенскага, Віцебскага дзяржаўных медуніверсітэтаў і Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта з Мінска. Іх задача — спраўдзіць дакладнасць дзеянняў медсупрацоўнікаў ізалятара ў справе Пцічкіна.
Нагадаем, мінчук Ігар Пцічкін памёр у мінскім ізалятары год таму. Спачатку сваякам паведамілі, што ён памёр ад хваробы сэрца, але пасля шэрагу акцыяў грамадскага пратэсту Следчы камітэт пачаў крымінальную справу. Паводле яе ў неаказанні дапамогі памерламу падазраецца медсупрацоўнік ізалятара.
Сястра Ігара Пцічкіна Ірына лічыць, што следзтва зацягвае справу і не дае пэўнага адказу аб прычынах смерці брата.
Раней Следчы камітэт абнародаваў звесткі пра тое, што Пцічкін ужываў наркотыкі і падазраецца ў іх распаўсюдзе. Сваякі Пцічкіна з гэтымі звесткамі не згодныя і падалі скаргу ў пракуратуру.
Фота — svaboda.org