Прысуд па справе Пцічкіна: фельчар Крылоў асуджаны на 3 гады калоніі
У пятніцу, 21 кастрычніка, суд Маскоўскага раёна Мінска вынес прысуд па справе фельчара медчасткі сталічнага СІЗА № 1 Аляксандра Крылова. Яго прызналі вінаватым у неналежным выкананні прафесійных абавязкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць арыштанта — 21-гадовага Ігара Пцічкіна. Крылоў асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення. Яму забаронена займацца прафесійнай дзейнасцю на працягу 5 гадоў. Менавіта такога пакарання і патрабаваў пракурор. Фельчар сваёй віны не прызнаў.
Ён застаецца пад падпіскай пра нявыезд, паведамляе БелаПАН.
Мінчук Ігар Пцічкін тры гады таму памёр у следчым ізалятары на Валадарскага. Туды ён трапіў на тры месяцы адміністрацыйнага арышту за кіраванне транспартным сродкам у перыяд пазбаўлення права кіравання. 30 ліпеня 2013-га ён быў дастаўлены ў СІЗА, а 4 жніўня сваякам паведамілі, што малады чалавек памёр ад сардэчнага прыступу. Сваякі, калі ўбачылі на целе нябожчыка сляды ад пабояў, дамагаліся расследавання абставін яго смерці.
Суд Маскоўскага раёна Мінска разглядаў справу Аляксандра Крылова з 16 верасня. Фельчар у судзе спаслаўся на высновы экспертаў аб тым, што смерць Пцічкіна наступіла ад вострай сардэчнай недастатковасці, якая развілася на фоне супольнай залежнасці ад алкаголю і псіхатропных рэчываў. Падрабязна пра гэта гл. тут.