Сёння суд вынесе рашэнне па справе аб гібелі ў СІЗА Ігара Пцічкіна
Сёння будзе вынесенае рашэнне суда па справе аб гібелі Ігара Пцічкіна. Разгляд справы адбываецца ў Маскоўскім раённым судзе Мінска. У якасці абвінавачанага на гэтым працэсе выступае фельчар СІЗА №1 Аляксандр Крылоў. Яго вінавацяць у неналежным выкананні абавязкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць арыштанта .
Сваёй віны фельчар не прызнаў і папрасіў суд яго апраўдаць. Ён спаслаўся на высновы экспэртаў аб тым, што смерць хлопца наступіла ад вострай сардэчнай недастатковасці, якая развілася на фоне супольнай залежнасці ад алкаголю і псіхатропных рэчываў, стану адмены і фізічнай абмежаванасці. Аляксандр Крылоў заявіў, што дзейнічаў паводле Клінічнага пратаколу аб наданні хуткай неадкладнай дапамогі даросламу насельніцтву.
Пракурор папрасіў для абвінавачанага фэльчара 3 гады калоніі-пасялення паводле часткі 2 артыкулу 162 Крымінальнага кодэксу — неналежнае выкананне службовых абавязкаў, якое прывяло да смерці.
Эксперты вызначылі, што Ігар Пцічкін быў прывязаны да ложка цягам 20 гадзінаў і за гэты час яго ніводнага разу не вывелі ў прыбіральню. Пракурор Вадзім Кісель назваў сярод асноўных прычынаў, якія прывялі да смерці Пцічкіна, фіксацыю яго да ложка, якую прызначыў Крылоў незаконна, і лячэнне Пцічкіна з боку Крылова “не ў адпаведнасці з пратаколам”. Вынікі комплексных экспертызаў прычын смерці Пцічкіна пракурор лічыць супярэчлівымі і узаемавыключальнымі.
21-гадовы мінчук Ігар Пцічкін памёр у СІЗА на Валадарскага 30 ліпеня 2013 г. Ён трапіў туды на тры месяцы, парушыўшы прысуд суда аб пазбаўленні права кіравання транспартным сродкам цягам пяці гадоў. 4 жніўня родныя забралі яго цела з морга пасля ўскрыцця. На ім былі заўважныя шматлікія раны і гематомы. Сваякі тры гады дамагаліся суда.