Мінгарсуд змякчыў прысуд фельчару СІЗА №1, асуджанаму за смерць Ігара Пцічкіна

Мінгарсуд змякчыў прысуд фельчару СІЗА №1, асуджанаму за смерць Ігара Пцічкіна

Фельчар СІЗА №1 Крылова, якога асудзілі за смерць асуджанага Ігара Пцічкіна, правядзе за кратамі не тры гады, а 2 гады 10 месяцаў. Такое рашэнне вынесла судовая калегія па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда, якая разглядала апеляцыю фельчара, перадае БЕЛТА.

Папярэдні прысуд 21 кастрычніка вынес суд Маскоўскага раёна Мінска. Фельчара прызналі вінаватым у неналежным выкананні прафесійных абавязкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць асуджанага.

Судовая калегія пастанавіла выключыць з папярэдняга прысуду абставіны, якія абцяжарваюць адказнасць абвінавачанага ў здзяйсненні злачынства ў дачыненні да асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане. У астатнім прысуд пакінуты без зменаў.

Як паведамлялася раней, Ігар Пцічкін памёр у жніўні 2013 года у СІЗА №1 на вул. Валадарскага ў Мінску. Прычынай смерці назвалі вострую сардэчна-сасудзістую недастатковасць. Медыкі заявілі, быццам Пцічкін ужываў спайсы і алкаголь, і ў яго за кратамі пачалася "ломка", ад чаго ён і памёр.

Справу супраць медыкаў СІЗА №1 спынілі ў студзені 2014 года. Аднак сваякі памерлага не пагадзіліся са спыненнем справы і дамагліся яе аднаўлення праз Генпракуратуру.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі