Да прэзідэнта Літвы звярнуліся 500 беларускіх дзеячаў грамадства і культуры

Да прэзідэнта Літвы звярнуліся 500 беларускіх дзеячаў грамадства і культуры

Каля 500 дзеячаў грамадства і культуры Беларусі звярнуліся да прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ. У звароце гаворыцца пра перапахаванне парэшткаў паўстанцаў 1863-1864 гадоў, забітых царскімі ўладамі.

Як паказала генетычная экспертыза, сярод пахаваных ёсць і Кастусь Каліноўскі, якога ў Беларусі ўважаюць за нацыяльнага героя, піша “Наша Ніва”.

“Беларуская грамадскасць з хваляваннем сочаць за працэсам перапахавання паўстанцаў 1863—1864 гадоў, знойдзеных на гары Гедыміна. Тыя паўстанцы — нацыянальныя героі не толькі Літвы і Польшчы, але і Беларусі. Сярод іх Кастусь Каліноўскі — сімвал змагання Беларусі за сваю незалежнасць, чалавек, які выдаваў першую газету на беларускай мове. Яго прыклад натхняе і цяперашняе пакаленне беларускай моладзі на барацьбу за свабоду і самавызначэнне”, — сказана ў звароце.

“Паўстанцы — літоўцы, беларусы, палякі — разам змагаліся з царскімі акупантамі, разам аддавалі сваё жыццё, разам размаўлялі па-беларуску, літоўску, польску, каб Літва, Беларусь, Польшча сталі свабоднымі.

Магілы паўстанцаў будуць месцам паломніцтва маладых беларусаў. Дзеля будучыні Беларусі важна, каб надпісы на іх магілах былі і на беларускай мове. Просім улічыць гэта пры вырашэнні пытанняў перапахавання. Гэта дапаможа збліжэнню беларускага і літоўскага народаў, якія маюць супольную тысячагадовую гісторыю”, — перакананыя аўтары звароту.

Сярод падпісантаў звароту — першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, акадэмік Радзім Гарэцкі, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, дэпутатка Алена Анісім, перакладчык Лявон Баршчэўскі, а таксама пісьменнікі, музыкі, навукоўцы, палітыкі і грамадскія дзеячы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі