ДАІ Мінска хоча ўвесці платны ўезд у цэнтр сталіцы
ДАІ Мінска разглядае пытанне пра платны ўезд ў цэнтр сталіцы. Пра гэта інфармуе БЕЛТА са спасылкай на начальніка аддзела тэхнічных сродкаў і сістэм ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрыя Навоя. 30 лістапада спецыяліст выступаў прэс-канферэнцыі, прысвечанай канцэпцыі арганізацыі бяспекі дарожнага руху "Добрая дарога" на 2016-2020 гады.
Эксперт паведаміў, што колькасць аўтамабіляў у Мінску набліжаецца да крытычнай. Па яго словах, сталіца разлічаная на 380 аўтамабіляў на 1000 жыхароў, а ўжо сёння ў ёй — 400 машын на 1000 жыхароў. "Калі ўзровень дасягне 420 машын, Мінск проста спыніцца", — прагназуе Навой.
Паводле праграмы "Добрая дарога" сталіцу чакае мноства зменаў, накіраваных на павышэнне бяспекі дарожнага руху. Колькасць аўтамабіляў у Мінску плануецца знізіць за кошт павышэння ролі грамадскага транспарту і развіцця роварнай інфраструктуры. ДАІ разглядае магчымасць увесці дыферэнцыяваную сістэму платы за ўезд у цэнтр горада, абмежаваць манеўры на ключавых транспартных вузлах, скарэктаваць рэжымы працы мінчукоў, каб знізіць загрузку дарог у гадзіны пік.