ДАІ прыбрала ўсе мабільныя камеры хуткасці з дарог пасля крытыкі Лукашэнкі
На беларускіх дарогах з 19 снежня не выстаўляюць мабільныя камеры фіксацыі хуткасці. Пра гэта піша TUT.by са спасылкай на кампанію "Бяспечныя дарогі Беларусі".
Яшчэ на пачатку снежня ДАІ апублікавала графік працы мабільных датчыкаў да канца года. Аднак мінскія кіроўцы заўважылі, што камераў няма з сярэдзіны мінулага тыдня.
Аператары Адзінай сістэмы фотафіксацыі парушэнняў хуткасці ў "Бяспечных дарогах Беларусі" распавялі, што адпаведнае распараджэнне паступіла ад ДАІ Беларусі. Яно датычыць усіх рэгіёнаў краіны. Тэрмін, на які не будуць выстаўляцца мабільныя датчыкі, пакуль не вызначаны. "Стацыянарныя камеры працягваюць працаваць", — адзначылі ў кампаніі.
Зняццё мабільных датчыкаў у ДАІ патлумачылі тым, што цяпер ідзе рэвізія дарожных знакаў. Пра тэрміны рэвізіі ў УДАІ МУС не паведамілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.