Дакота для “Еўрабачання” напісала песню на беларускай мове

Знакамітая спявачка ў апошні дзень падала заяўку на беларускі адбор да “Еўрабачання”. А заспяваць нечакана вырашыла на роднай мове. Тэкст для новага хіта Дакоты напісаў вядомы паэт Глеб Лабадзенка. Падача заявак на “ЕўраФэст” завяршылася ў мінулы аўторак 25 лістапада.
Да апошняга дня не было вядома, ці возьме ўдзел у конкурсе спявачка Дакота, адна з асноўных фаварытак.

У інтэрв’ю Еўрарадыё месяц таму яна пакрыўдзілася на беларускіх чыноўнікаў ад культуры, якія адмыслова яе не падтрымліваюць. Хоць у той жа Расіі 18-гадовая Дакота напраўду папулярная артыстка з мноствам фанклубаў у дзясятках гарадоў. Аднак паўдзельнічаць у беларускім адборы яе пераканалі прадзюсеры і расійскі Першы канал, з якім у спявачкі падпісаны кантракт.

Дакота: “Я пабачыла, што за маёй спінай такая падтрымка, і вырашыла паспрабаваць. Песня ўжо амаль гатовая. Я праспяваю ад імя ўсіх дзяўчат і нявест, якія не дачакаліся каханых з вайны. Музыку напісала я, а тэкст – беларускі паэт Глеб Лабадзенка. У яго словы я дадала нешта ад сябе, атрымаўся творчы тандэм”.

Расійскія прадзюсеры падтрымалі ідэю Дакоты, а сама спявачка мяркуе, што надышоў час паказаць Еўропе, што ў нас ёсць родная мова і на ёй можна спяваць прыгожыя песні.

“У мінулым годзе я была на “Еўрабачанні” ў Бялградзе, - узгадвае Дакота. - Тады я пачула нямала прыгожых песень на розных мовах свету. Краіны прадстаўлялі свае культуры, свае мовы. І мне стала крыўдна, што беларусы увесь час спяваюць па-англійску, бо найперш трэба паказаць сваю родную мову”.

Гэта не першая беларускамоўная песня Дакоты. Высветлілася, што спявачка напісала ўжо не адну кампазіцыю на роднай мове. Але яе фаны пакуль ніводную з іх не пачулі.

Як высветліла Еўрарадыё, Дакота ледзь не адзіная выканаўца, якая хацела б заспяваць на Еўрабачанні па-беларуску. Як паведаміла прадзюсер “Еўрафэста” Анастасія Ціхановіч, сярод заявак пераважаюць песні па-руску і па-англійску.

З асноўных канкурэнтаў Дакоты выступяць Пётр Ялфімаў, Гюнеш, гурт Litesound, Вольга Плотнікава, Аляксандр Патліс і іншыя. Але канкурэнты беларускую мову не выкарысталі.

“Але некалькі беларускамоўных песень усё ж будзе, - кажа прадзюсер Анастасія Ціхановіч. – Хоць вядомыя артысты ў асноўным выбіраюць англійскую мову”.

Такім чынам, упершыню ў гісторыі на “Еўрабачанні” можа прагучаць беларускамоўны суперхіт. Дакота без ваганняў праспявала для Еўрарадыё невялікі ўрывак сваёй песні:

Дакота: “Сонца тваім агнём натуе нас на досвітку сусвету,
                 Дзесьці ідзе вайна, а дзесьці людзі думаюць пра лета.
                 Можа, ты мой герой, ці ты са мной, ці можа не,
                 Ды зрэшты.
                 Мы кроплі на вакне…"

Фота: www.dakota-muz.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі