Далоў утульныя двары? У Брэсце хочуць знесці гістарычны квартал
Жыхары Брэста рызыкуюць пазбавіцца шэрагу прывабных будынкаў у гістарычным цэнтры горада ў межах вуліц Савецкіх пагранічнікаў, 17 верасня і Будзённага. На гэтым месцы плануюць збудаваць групу жылых дамоў з крамамі і ўстановамі сферы паслуг або офісамі. Адпаведнае паведамленне апублікаванае на сайце Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта.
Паводле дакумента, праект прадугледжвае знос будынкаў і збудаванняў, якія “не маюць гісторыка-культурнай каштоўнасці”, хоць і знаходзяцца ў зоне аховы гістарычнага цэнтра Брэста. На іх месцы збіраюцца ўзвесці тры жылыя дамы з убудаванымі памяшканнямі гандлёвага прызначэння, будынак грамадскага прызначэння, трансфарматарную падстанцыю і цеплавы пункт. Таксама аўтары праекта маюць намер добраўпарадкаваць тэрыторыю квартала.
Меркаваны пачатак будаўніцтва — чэрвень 2021 года, заканчэнне — роўна праз два гады. Замоўца запланаванай дзейнасці — ТАА “Спартовы клуб “Аматар”. Дазвол на праектаванне ці будаўніцтва выдадзены паводле акта выбару месца размяшчэння зямельнага ўчастка, зацверджанага Брэсцкім гарвыканкамам у траўні 2019 года. Выканаўца праекта — ТАА “БрэстКАДпраект”.
Жыхары Брэста да 22 лютага могуць падаць заяву аб неабходнасці правядзення грамадскага абмеркавання экалагічнай экспертызы праекта — кантакты пазначаныя на сайце гарвыканкама. У афіцыйным паведамленні згаданая справаздача аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе (СУНА), але спасылка на яе адсутнічае (неактыўная).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.