Далёкая дуга ў агні: што Лукашэнка казаў пра краіны свету, дзе ідуць пратэсты

Аляксандр Лукашэнка і Эва Маралес / president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка і Эва Маралес / president.gov.by

У 2019 годзе ў Азіі, на Блізкім Усходзе і ў Лацінскай Амерыцы час ад часу ўспыхваюць масавыя пратэсты. Літаральна днямі, 13 лістапада, "лацінаамерыканскі сябар" Аляксандра Лукашэнкі і па сумяшчальніцтве прэзідэнт Балівіі Эва Маралес уцёк з краіны на самалёце мексіканскіх ВПС. Прычынай сталі масавыя пратэсты супраць фальсіфікацый на выбарах і пераход паліцыі на бок маніфестантаў.

Акрамя Балівіі, пратэсты ідуць у Чылі, Ганконгу і Ліване. Усе гэтыя краіны адносяцца да так званай далёкай дугі, да супрацоўніцтва з якой кіраўнік Беларусі пастаянна падштурхоўвае наш урад.

Еўрарадыё вырашыла паглядзець, што Аляксандр Лукашэнка казаў пра краіны, у якіх цяпер ідуць масавыя пратэсты і беспарадкі.

Вялікае лацінаамерыканскае сяброўства з Эва Маралесам

Першая сустрэча — на пахаванні

Першая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Эва Маралеса адбылася ў сакавіку 2013 года. Сімвалічна, што пачаткам сяброўства стала пахаванне іншага лацінаамерыканскага сябра Лукашэнкі — Уга Чавеса:

"Мы вельмі шмат з Уга Чавесам размаўлялі пра тваю краіну. Мы нават выпрацавалі план сумесных дзеянняў, і цяпер нам прыйдзецца з табой працягнуць гэтую справу. Хачу цябе запэўніць у тым, што Беларусь зробіць усё для таго, каб наладзіць з Балівіяй такія ж адносіны, як з Венесуэлай".

 

Дальняя дуга в огне: что Лукашенко говорил про страны мира, где идут протесты
Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі
Дальняя дуга в огне: что Лукашенко говорил про страны мира, где идут протесты
Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

Віншаванне з перамогай на выбарах

У кастрычніку 2014 года Аляксандр Лукашэнка віншуе Эва Маралеса з чарговай перамогай на выбарах:

"Дзяржава Балівія дасягнула значных поспехаў у палітычным і эканамічным развіцці, цвёрда ідзе шляхам рэформаў і ўмацавання аўтарытэту на міжнароднай арэне", — гаворыцца ў віншаванні.

Віншаванне з юбілеем на фоне пратэстаў

21 кастрычніка ў Балівіі пачаліся пратэсты з-за фальсіфікацый на ўсеагульных выбарах. На іх грамадзяне краіны павінны былі абраць дэпутатаў, сенатараў і кандыдатаў у прэзідэнты і віцэ-прэзідэнты. Увечары 25 кастрычніка, калі былі абвешчаныя вынікі выбараў, пратэстоўцы выйшлі на вуліцы сталіцы, скандуючы, што Балівія "не Куба або Венесуэла". І патрабавалі правесці другі тур. Іх падтрымалі ЗША і ЕС і шэраг краін Лацінскай Амерыкі.

Пратэсты, якія разгараліся, не перашкодзілі Аляксандру Лукашэнку павіншаваць Эва Маралеса з 60-годдзем 26 кастрычніка:

"Вы заслужылі рэпутацыю адказнага і ініцыятыўнага палітыка, які неаднаразова пацвярджаў здольнасць эфектыўна развязваць найбольш складаныя і маштабныя задачы", — гаворыцца ў віншаванні.

Праз два тыдні, 10 лістапада, з-за бесперапынных пратэстаў і пераходу паліцыі на бок апазіцыі Эва Маралес заявіў аб сваёй адстаўцы. 13 лістапада стала вядома, што былому прэзідэнту Балівіі далі палітычны прытулак у Мексіцы. Яго эвакуююць з роднай краіны на самалёце ВПС Мексікі, дзе Эва Маралеса сфатаграфуюць збянтэжанага і са сцягам Мексікі.

 

Дальняя дуга в огне: что Лукашенко говорил про страны мира, где идут протесты
Эва Маралес па дарозе ў Мексіку / Mexican Foreign Ministry / EPA / Scanpix / LETA

Ганконг і Кітай як прыклад адзінай эканамічнай прасторы

Аляксандр Лукашэнка вельмі рэдка ўспамінае пра Ганконг. Ледзьве не адзінае выказванне пра спецыяльны адміністрацыйны раён Кітая кіраўнік Беларусі зрабіў у 2003 годзе.

Тады тэма "Саюзнай дзяржавы" была як ніколі гарачая, вяліся размовы аб увядзенні адзінай валюты, аб эканамічнай інтэграцыі, аб роўных умовах гаспадарання. Тады Аляксандр Лукашэнка супраціўляўся прыняццю "неаліберальнай" эканамічнай мадэлі Расіі. І падчас звароту да народа і парламента ў прыклад ставіў Кітай і Ганконг з іх прынцыпам "адна краіна — дзве сістэмы":

"Прынцыповае пытанне — гэта роўнасць беларускага і расійскага ўкладаў эканамічнага жыцця ў рамках Саюзнай дзяржавы. Частка расійскай палітычнай і эканамічнай эліты спрабуе ставіць перспектыву Саюза ў залежнасць ад прыняцця нашай краінай расійскай неаліберальнай эканамічнай мадэлі.

Розніца ў падыходах да рэгулявання эканамічнага жыцця рэальна існуе, і было б памылкай яе ігнараваць або замоўчваць.

Але з гэтага трэба рабіць правільныя высновы. Перш за ўсё не адпавядае рэчаіснасці тэзіс аб тым, што розніца эканамічных укладаў перашкаджае стварэнню адзінай эканамічнай прасторы. Кітай і Ганконг, аб'яднаныя па прынцыпе "адна краіна — дзве сістэмы", — пераканаўчы таму доказ".

 

Дальняя дуга в огне: что Лукашенко говорил про страны мира, где идут протесты
Пратэсты ў Ганконгу / Reuters

Пратэсты ў Ганконгу

Пратэсты ў Ганконгу супраць законапраекта аб экстрадыцыі, прапанаванага ўрадам Ганконга, пачаліся ў канцы сакавіка. Масавымі яны сталі летам. Пачаліся сутыкненні з паліцыяй, якая прымала жорсткія меры па задушэнні незадаволенасці. Пратэсты працягваюцца дагэтуль. За гэты час паліцыя затрымала больш за 3,6 тысячы чалавек, малодшаму з якіх 12 гадоў. Звыш 1,5 тысячы чалавек былі шпіталізаваны з-за атрыманых на вуліцах траўмаў, пацярпелі больш за 400 паліцэйскіх.

Маленькае сяброўства з пякучым Чылі

Асабіста Аляксандр Лукашэнка ніколі не сустракаўся ні з адным з прэзідэнтаў Чылі. Магчыма, лічылася, што хопіць і аднаго "сябра Беларусі" ў гэтым рэгіёне. Спярша гэта быў Уга Чавес, да таго як раптоўна памёр, пасля гэтага "беларускім сувязным" у Лацінскай Амерыцы стаў Эва Маралес. Зараз гэта месца вакантнае.

У 2014 годзе Лукашэнка павіншаваў прэзідэнта Чылі Мішэль Бачэлет с Днём Незалежнасці.

"Беларусь зацікаўлена ў паглыбленні ўсебаковых сувязяў з Чылі, усталяванні канструктыўнага дыялогу, а таксама развіцці плённага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай сферах на карысць народаў нашых краін", — гаворыцца ў віншаванні.

 

Дальняя дуга в огне: что Лукашенко говорил про страны мира, где идут протесты
Пратэсты ў Чылі / Reuters

У 2017 годзе, прымаючы з рук "пасла па сумяшчальніцтве" Радрыга Хасэ Ньета Матурана даверчыя граматы, Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Чылі — вельмі значная для Беларусі краіна ў Лацінаамерыканскім рэгіёне. Разлічваем на пашырэнне гандлёва-эканамічных сувязяў ужо ў найбліжэйшы час. Беларусь вельмі зацікаўлена ў прасоўванні на чылійскі рынак аўтабудаўнічай і сельскагаспадарчай тэхнікі".

Пратэсты ў Чылі

У кастрычніку 2019 года ў сталіцы Чылі Сант'яга пачаліся пратэсты і вулічныя беспарадкі, выкліканыя павышэннем аплаты праезду. Неўзабаве пратэсты распаўсюдзіліся на ўсю краіну. 18 кастрычніка прэзідэнт Чылі Себасцьян Піньера аб'явіў надзвычайнае становішча і разгарнуў сілы чылійскай арміі ў асноўных рэгіёнах для забеспячэння парадку. 19 кастрычніка каменданцкая гадзіна ў Сант'яга была абвешчана ўпершыню з часоў дыктатуры Піначэта. У той жа дзень у цэнтр сталіцы была сцягнутая бранятэхніка. У выніку пратэстаў загінулі па меншай меры 15 чалавек і 62 паліцэйскія, 15 цывільных атрымалі раненні.

25 кастрычніка больш за мільён чалавек узялі ўдзел у пратэставай дэманстрацыі ў Сант'яга, якая стала найбуйнейшай у гісторыі краіны. Пасля гэтага Піньера адправіў урад у адстаўку. Аднак гэта не супакоіла пратэстоўцаў. Пратэсты і сутыкненні з паліцыяй працягваюцца да гэтага часу.

Фалафель па-ліванску

Сустрэча з прэзідэнтам Лівана Эмілем Лахудам

У 2004 годзе на сустрэчы з тагачасным прэзідэнтам Лівана Эмілем Лахудам Аляксандр Лукашэнка расказваў пра гатоўнасць да супрацоўніцтва з Ліванам:

"У нашых адносінах закрытых тэм няма. І калі ліванскае кіраўніцтва будзе цікавіцца ваенна-тэхнічным супрацоўніцтвам, узаемадзеяннем у галіне высокіх тэхналогій, то мы з вялікім задавальненнем будзем падтрымліваць і гэтыя кірункі".

Тады ж Лукашэнка выказаў гатоўнасць пастаўляць у Ліван і далей на рынак найбліжэйшых краін практычна ўвесь спектр прадукцыі: перш за ўсё дарожна-будаўнічую і велікагрузную тэхніку, паўправаднікі.

Візіт Лукашэнкі ў Ліван

У 2005 годзе падчас візіту ў адказ у Ліван кіраўнік Беларусі заявіў, што ліванцы — вялікі народ: "Вы заслугоўваеце не проста павагі, а вялікай будучыні. Мы жадаем вам гэтай вялікай будучыні і гатовы зрабіць усё, каб ліванская дзяржава развівалася на карысць інтарэсаў Беларусі і Лівана. Памятайце, што ў вас у цэнтры Еўропы ёсць надзейныя сябры".

"Ліпеньская вайна" ў Ліване

Кіраўнік Беларусі вельмі жыва адрэагаваў на Другую Ліванскую вайну ў 2006 годзе: "Грымнула ў Ліване" — дваццаць, дый дзесяць гадоў таму для нас гэта быў бы толькі загаловак у газеце. І ўсё.

А сёння? Гэтая вайна закранае нашы інтарэсы. Там шмат нашых людзей, для якіх мы арганізавалі найбуйнейшую па маштабе выратавальна-эвакуацыйную аперацыю. Сёння там сябры, эканамічныя партнёры Беларусі. І яшчэ. Напэўна, больш за 200 тысяч нашых грамадзян з'ехалі ў свой час у Ізраіль. Іх лёсы нам не абыякавыя".

 

Дальняя дуга в огне: что Лукашенко говорил про страны мира, где идут протесты
Пратэсты ў Ліване / Reuters

Пратэсты ў Ліване

У сярэдзіне кастрычніка ў Ліване пратэстоўцы выйшлі на вуліцы гарадоў з патрабаваннем перагляду старой канфесійнай сістэмы размеркавання ўлады, якая ўсталявалася ў Ліване пасля грамадзянскай вайны ў 90-х гадах. У Ліване прэзідэнт традыцыйна абіраецца з хрысціян-маранітаў, прэм'ер-міністр — суніт, а спікер парламента — шыіт.

Пратэстоўцы заяўляюць, што гэта стварае міжканфесійнае саперніцтва і карупцыю, калі ў аснову кладзецца лаяльнасць на шкоду заслугам. Маніфестанты патрабуюць змяніць выбарчую сістэму. У першую чаргу ліквідаваць квоты, з-за якіх у парламенце і ўрадзе строга вызначана колькасць месцаў для прадстаўнікоў розных этнаканфесійных абшчын. Пратэсты працягваюцца да гэтага часу.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі