Дар’я Домрачава парушыла дзіўны ўказ аб рэкламных гульнях?

Домрачава прапанавала выстаўляць у Інстаграм фотаздымкі з хэштэгам #dadogame1 спартовых заняткаў з дзецьмі. Найлепшыя пяць здымкаў атрымаюць прызы: спартовыя маечкі ды іншую амуніцыю ад легендарнай біятланісткі.

“Так што наперад! Камеру ў рукі, дзяцей, пляменнікаў, братоў, сясцёр пад паху і на спартыўныя практыкаванні! Бо найлепшая абарона дзяцей — гэта клопат пра іх здароўе”.

Але ўказ такі конкурс… забараняе. Любыя розыгрышы прызоў у сацсетках Мінгандлю лічыць парушэннем!

“Такія мерапрыемствы прызнаюцца рэкламнымі гульнямі, якія трэба рэгістраваць. Але вы не зарэгіструеце, бо ўказ утрымлівае шэраг абмежаванняў”, — тлумачаць Еўрарадыё ў Мінгандлю.

Нават розыгрыш лішняга квітка ў кіно сярод маіх сяброў у фэйсбуку будзе парушэннем, і штраф за яго — ад 20 да 500 базавых! У міністэрстве штодзень складаюць пратаколы на розныя розыгрышы ў сацыяльных сетках.

Чытаем указ прэзідэнта пра рэкламныя гульні, і сапраўдны высвятляецца, што фізічныя асобы не могуць быць арганізатарамі рэкламнай гульні. Правесці розыгрыш у сваім Інстаграме ці Укантакце легальна зусім немагчыма!

Пункт 3:

Забараняецца праводзіць рэкламныя гульні:
- у выглядзе выканання заданняў, не звязаных з замовай, набыццём або выкарыстаннем тавараў (работ, паслуг);
- асобам, якія не могуць быць арганізатарамі ў адпаведнасці з гэтым Палажэннем.

Праўда, ёсць і выключэнні, сярод іх — латарэі і рэкламныя гульні, у якіх аднолькавыя прызы атрымліваюць усе ўдзельнікі. 

Праводзіць конкурсы, у якіх не трэба нешта набываць, могуць рэдакцыі СМІ, а таксама ўладальнікі сайтаў на сваіх сайтах, калі доступ да іх бясплатны. У сацыяльных сетках можна толькі выкласці спасылку на сайт, праводзіць конкурс нельга.

Такім чынам, добрая ініцыятыва біятланісткі з’яўляецца парушэннем заканадаўства.

Міністэрства гандлю альбо само адсочвае такія парушэнні і складае пратаколы, альбо збірае скаргі на арганізатараў гульні. Еўрарадыё ў міністэрстве кажуць, што Домрачаву штрафаваць не будуць, бо дадзеных на яе няма, “але можаце паскардзіцца”.

Можа, варта не закрываць вочы на парушэнне Домрачавай гэтага дзіўнага ўказа, а змяніць ўказ?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі