Даследаванне: шведы лепш за ўсіх вывучылі англійскую мову

Згодна з новым рэйтынгам адукацыйнай кампаніі Education First (EF), лепш за ўсё англійскай, як другой мовай, валодаюць шведы. Еўрарадыё вырашыла параўнаць, якія краіны “англізаваліся” найлепш.

“Гэта ўжо адбываецца другі раз запар, таму я думаю, мы крыху прызвычаіліся. Хаця і трэба быць акуратнымі з тым, што мы з’яўляемся сусветнымі лідарамі, калі гаварыць пра англійскую мову”, — кажа Сін Эйзінг, кіраўнік прадстаўніцтва EF у Швецыі.

Суседняя Нарвегія, якая два гады таму была на першым месцы, страчвае свае англійскія навыкі. Нарвежцы, якія займаюць высокую другую пазіцыю, не сябруюць з граматыкай.

“Мы лічым, што добра гаворым па-англійску, бо наша размоўная англійская вельмі добрая, але пісьмовая аказваецца праблемай у многіх выпадках”, — кажа Лена Шотэм, кіраўніца нарвежскага аддзялення EF.

У прынцыпе, ўсе скандынаўскія краіны ўваходзяць у першую сямёрку найлепшых англамоўных суразмоўцаў. Нечакана высокае чацвёртае месца заняла Эстонія. У сваім аналізе Education First сцвярджае, што першая сямёрка — гэта невялікія краіны, памер якіх прымушае прымаць міжнародную перспектыву”. Вялікія Украіна і Расія, відаць, пакуль не прасякліся гэтай перспектывай, бо занялі ў рэйтынгу 27 і 31 месцы адпаведна.

Традыцыйна праблемнай краінай у плане “інгліша” з’яўляецца Францыя (35 месца). Дырэктар школы Interface Business Languages (Парыж) Дэвід Стэнінг спрабуе патлумачыць, чаму французы такія няўдачнікі ў мове Шэкспіра:

“Французская школьная сістэма пабудаваная вакол негатыва. Там шмат гаворыцца вучням такога, што яны ў выніку выходзяць з адчуванням, што ў іх вельмі дрэнна з мовамі. Самі французы гэта адзначаюць”.

Ды і ў прынцыпе, пытанне мовы ў Францыі палітычнае. Некалькі месяцаў таму жорсткія спрэчкі выклікала пашырэнне выкладання па-англійску ў французскіх універсітэтах. Нават нягледзячы на тое, што гэтая мера дазволіць “завербаваць” больш студэнтаў-замежнікаў і паўплывае толькі на адзін працэнт універсітэцкіх курсаў.

Тым часам брытанцы, якія, натуральна, ведаюць англійскую мову дасканала, самі маюць праблемы з мовамі. Нават мясцовы МЗС з-за гэтага пачаў непакоіцца.

“З 2010 года ніводзін брытанскі служачы не быў прыняты на поўную стаўку на працу ў Бруселі. У выніку, колькасць грамадзян Вялікабрытаніі сярод супрацоўнікаў Еўракамісіі ўпала амаль на чвэрць за апошнія сем гадоў”, — піша The Indipendent.

Усё проста. Аказваецца, што для паспяховай міжнароднай кар’еры і працы ў еўрапейскіх установах не дастаткова валодаць толькі англійскай. А трэба яшчэ хоць неяк гаварыць па-нямецку і па-французску.

Беларусь у рэйтынг з 60 краін, складзены Education First, не трапіла. Але згодна з апошнім перапісам насельніцтва, толькі 5% беларусаў свабодна валодаюць англійскай мовай (для параўнання: у Францыі гэты паказчык складае 13%).

Фота: telegraph.co.uk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі