У Польшчы для замежных студэнтаў зробяць больш строгія ўмовы
Віза, ілюстрацыйнае фота
У Польшчы плануюць пастрожыць візавую сістэму для замежных студэнтаў, перадае Польскае радыё. Праект адпаведных пастаноў амаль гатовы, заяўляе міністр навукі і вышэйшай адукацыі Дарыюш Вячорак.
За дзесяць гадоў у Польшчу прыехала больш за 321 тысячу замежных студэнтаў з амаль двухсот краінаў свету. Пры гэтым кожны другі студэнт не скончыў нават першы курс. У абітурыентаў (як правіла, у прыватных ВНУ) не правяраюць веданне польскай мовы, а таксама дакументы аб адукацыі.
Пра змены ў заканадаўстве міністр навукі Дарыюш Вячорак размаўляў з кіраўніком МЗС Радаславам Сікорскім. "Ёсць дамоўленасць, што, па-першае, сістэма, якой кіруе МЗС, візавая сістэма, павінна быць падключана да сістэмы POLON і каб уся інфармацыя пра кожнага замежнага студэнта, які атрымаў візу, правяралася. А па-другое, трэба будзе абмежаваць колькасць ВНУ, якія будуць мець права прымаць замежных студэнтаў", — падзяліўся чыноўнік запланаванымі зменамі.
Вячорак дадае, што гэта не азначае, быццам Польшча не хоча прымаць замежных студэнтаў. Але краіна зацікаўленая, каб яны прыехалі і спраўды вучыліся, а не атрымлівалі візы толькі для пераезду ў Шэнгенскую зону.
На сёння ў Польшчы больш за ўсё вучыцца студэнтаў з Украіны — 45 тысяч чалавек. Беларусы займаюць другое месца — 12,4 тысячы. Больш за 4 тысячы навучэнцаў прыехала з Зімбабвэ і столькі ж з Турцыі, больш за 3 тысячы — з Індыі.
У Польшчы з канца 2023 года цягнецца візавы скандал. У выніку яго была спыненая праграма Poland. Business Harbor, а таксама сталі больш частымі адмовы ў візах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.