"Дата генератар": 9 снежня 1891 года нарадзіўся Максім Багдановіч

"Дата генератар": 9 снежня 1891 года нарадзіўся Максім Багдановіч

Як слушна адзначыў пісьменнік Альгерд Бахарэвіч у сваім “Гамбургскім рахунку”, менавіта з Багдановіча пачалася сапраўдная беларуская паэзія. Да яго, адначасова з ім і яшчэ доўгі час пасля яго добра адчувалі сябе тыя, хто стагнаў пра гаротную сялянскую долю (як Лучына з Бядулем) або спяваў пра барацьбу за справу камуністаў (як Чарот з Броўкам).

“Б. не толькі наш першы гарадзкі паэт, ён наогул першы гарадзкі паэт ў еўрапейскім разуменні гэтага слова. Ён даў беларускай паэзіі стыль, рытм і рыфму — рэчы, якія ніяк не маглі ў ёй прыжыцца”. … “Тым і адрозніваецца Б. ад сваіх папярэднікаў і сучаснікаў, што ён першы не апусціўся да ўзроўню мужыкоў, каб гаварыць іх мовай пра іх праблемы. Ён пісаў вершы для такіх, як ён сам — і пісаў так, як хацелася менавіта яму”.

Галоўныя тэмы вершаў Багдановіча — вечныя. Гэта жаночасць і каханне, роздум над жыццём і смерцю. Смерць ён успрымаў без героікі або драматызацыі, зусім не за нейкія ідэалы. Проста смерць як частку жыцця, як тое, што прыйдзе да кожнага, дзе б чалавек ні хаваўся. 

Ну, і каханне. Бо кожны чалавек, няхай сабе непрыгожы, хворы ці стары, — ён таксама марыць пра тое, каб кагосьці кахаць і каб нехта кахаў яго. Каханне, як і смерць, — неад’емная частка жыцця. Ад кахання пачынаецца новае жыццё. 

А вось барацьба сялян супраць паноў ніякіх стасункаў з вечнасцю не мае. Пасля рэвалюцыі сяляне забілі паноў разам з іх жонкамі і дзецьмі. І што атрымалі? Атрымалі такое новае рабства, пра якое нават думаць не маглі. 

Толькі ў цяперашнія часы, калі тры чвэрці беларусаў жывуць у гарадах, а ў вёсках паўсюды мы бачым “аграрную вытворчасць”, толькі цяпер беларусы пачынаюць па-сапраўднаму разумець геніяльную паэзію Багдановіча. А раней, акрамя славутай “Пагоні”, нічога з яго вершаў не ведалі і ведаць не жадалі. Напрыклад, чыталі тую ж “Вераніку” ды пляваліся! Як жа, маладзенькая суседка-шляхцянка яму падабалася. Чаму не сялянка?!

Хачу на заканчэнне прачытаць фрагмент з цудоўнага верша Максіма, напісанага ўлетку 1910 года, ва ўзросце 19 гадоў:

Калісьці летняю рабочаю парой

Праз вёску я ішоў….

…калі, раптоўна крык дзіцёнка

Пачуўшы, дрогнуў я і аглядзеўся. Ах!

Я спудзіў хлопчыка…

Ён, бедненькі, папоўз па траўцы ля сцяжынкі,

Да нянькі траплячы — так год васьмі дзяўчынкі.

І вось, дабраўшыся, ў падолак разам к ей

З трывожным голасам уткнуўся ён хутчэй

І, як схіляецца ад ветру верх бярозкі,

Дзяўчынка к хлопчыку нагнулася і, слёзкі

Сціраючы яму, штось пачала казаць,

Каб заспакоіць плач — зусім як быццам маць.

І саліваліся ў жывы абраз ядыны

Той выгляд мацеры ды з воблікам дзяўчыны,

Дзіцячым, цененькім і ў гэты час яна,

Здавалася, была аж да краёў паўна

Якойсь шырокаю‚ радзімаю красою,

І, помню, я на міг пахарашэў душою.

А можа, не краса была ў дзяўчынцы той, —

Дзяўчынцы ўпэцканай і хілай, і худой, —

А штось вышэйшае, што Рафаэль вялікі

Стараўся выявіць праз Маці Божай лікі…

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі