Даўно бачылі сапраўдных эльфаў? Чаму неразумна спрачацца пра "Пярсцёнкі ўлады"
Колер скуры некаторых акцёраў "Пярсцёнкаў улады" збянтэжыў частку карыстальнікаў / калаж The Gamer
Пасля прэм'еры трэйлера серыяла "Пярсцёнкі ўлады" (спін-офа "Уладара пярсцёнкаў" ад Amazon) сацыяльныя сеткі выбухнулі. І не, не развагамі пра сюжэт або рэжысуру. Аказваецца, шмат каго можа сур'ёзна абразіць і абурыць колер скуры акцёраў. Бачыце, эльфы не могуць быць цемнаскурымі. І хтосьці сур'ёзна піша такое ў 2022 годзе.
Паглядзім яшчэ пад такім вуглом, гістарычнай нібы адпаведнасці. Бяром 98,8% любых фільмаў, напрыклад, пра сярэднявечча. І бачым у актораў ідэальныя зубы. Але ж так не было — прабачце, але артадантыя атрымала шырокае распаўсюджанне толькі нядаўна. Таму роўны зубны шэраг і адсутнасць налёту — таксама гістарычная неадпаведнасць. Або целасклад персанажаў "300 спартанцаў". У Старажытнай Грэцыі анабалічных стэроідаў яшчэ не вынайшлі, а вось акторы з імі вельмі нават знаёмыя. Зноў неадпаведнасць. Гэта не кажучы пра больш сур'ёзныя неадпаведнасці, якія, у прынцыпе, не адыгрываюць вялікай ролі ў творы мастацтва.
Зводзіць усё да "павестачкі" — абсалютнае глупства. Людзі бываюць розныя. Хіба для разумення гэтага патрэбная нейкая "павестачка"? Усяго толькі трохі інтэлекту. Чаго відавочна бракуе аматарам гэтага слова.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.