Давыдзька: 100-годдзе БНР мы павінны святкаваць разам

Давыдзька: 100-годдзе БНР мы павінны святкаваць разам

100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі мы павінны святкаваць разам. Пра гэта ў каментары “Нашай ніве” заявіў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Пры гэтым ён хоча разабрацца, хто былі людзі, якія стваралі БНР.

“Тут яшчэ шмат пытанняў, канкрэтна ў мяне: а хто былі тыя людзі, што абвяшчалі БНР? — кажа Давыдзька. — Як яны скончылі, з чаго пачыналі? І якія памылкі рабілі? Вядома, што былі рамантычныя настроі, хацелі незалежнасці. А што з гэтага атрымалася? А што больш паўплывала на лёс сённяшняй нашай незалежнасці? Магчыма, што калі б не было БНР, то не было б БССР, але гэта не факт”.

Генадзь Давыдзька распавёў, што Белтэлерадыёкампанія будзе асвятляць 100-годдзе БНР. “Зробім максімальна шчырае гістарычнае даследаванне. Адно толькі мне хочацца, каб гэтая дата працавала на кансалідацыю: мы павінны разам святкаваць ці адзначаць, але не мусім шукаць рэчы, якія нас раз'ядноўваюць”, — адзначыў старшыня Белтэлерадыёкампаніі.

Варта нагадаць, што ў снежні 2017-га адзначаліся 100-я ўгодкі Першага Усебеларускага з’езду. Яго значэнне пазітыўна ацэньвалі афіцыйныя СМІ, кіраўнік дзяржавы. А менавіта гэты з’езд стварыў Раду, якая пасля і стварыла Беларускую Народную Рэспубліку. Дзяржаўная незалежнасць БНР была абвешчана ў Мінску 25 сакавіка 1918 года. У Мінску дэмакратычныя сілы збіраюцца правесці на 100-я ўгодкі вулічную акцыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі