Дэдлайны-2013: дрэваапрацоўка, "Чыжоўка-арэна " і "вечны" ўрад
У 2013 годзе Лукашэнка тройчы перанёс адкрыццё "Чыжоўка-арэны" і 4 разы абяцаў адправіць у адстаўку кабінет Міхаіла Мясніковіча.
Дрэваапрацоўка
У канцы 2012 года Аляксандр Лукашэнка, наведваючы "Івацэвічыдрэў", кажа, што тэрміны па мадэрнізацыі дрэваапрацоўкі пераносіліся ўжо 4 разы. Праз пару дзён на "Віцебскдрэве" кіраўніка дзяржавы запэўніваюць, што прадпрыемства будзе мадэрнізаванае да сярэдзіны 2013 года.
На "Барысаўдрэве" мадэрнізацыя павінна скончыцца да 7 лістапада 2013 года. Хаця абноўленая вытворчасць павінна была запрацаваць яшчэ ў снежні 2009-га! "Давайце дамовімся па тэрмінах — 7 лiстапада будучага [2013. — Еўрарадыё ] года тут павінна быць "цукерка", — даручае Лукашэнка. Гэтае ж абяцанне, але ўжо ў дачыненні да ўсёй дрэваапрацоўкі, паўтараецца 19 красавіка ў звароце да народа і парламента:
"Гэта той рубеж, калі мы народу павінны явіць прыклады добрай працы".
"Цукерку" мы ўсе ўбачылі 8 лістапада 2013, калі Лукашэнка прыехаў на "Барысаўдрэў" і "адхіліўся ад зададзенага маршруту". Кіраўнік дзяржавы лютуе: ён у чарговы раз прапясочвае чыноўнікаў і прызначае нараду па дрэваапрацоўцы на 10 снежня. Але нарада гэтая раптам аказваецца прысвечаная... будаўнічай галіне!
Між тым, яшчэ ў сярэдзіне 2013 выходзіць Указ № 529, дзе пазначаны новы тэрмін па мадэрнізацыі дрэваапрацоўкі: 2014! А 3 снежня Міхаіл Мясніковіч у чарговы раз кажа, што дэдлайн павінен быць выкананы. На гэты раз — ужо ў наступным годзе:
"Мы ў абавязковым парадку павінны завяршыць ва ўстаноўленыя прэзідэнтам тэрміны ўсе аб'екты ў бягучым годзе і ў першым паўгоддзі наступнага года. Гэта не падлягае ніякай дыскусіі".
Станцыя метро "Малінаўка"
Будаўніцтва новай станцыі пачалося ў 2010-м, а адкрыць яе планавалі 7 лістапада 2013 года. Але 11 верасня мэр Мінска Мікалай Ладуцька паведамляе, што будаўніцтва зацягваецца. Адкрыццё станцыі пераносіцца на травень 2014-га .
Па чутках, будаўніцтва самой "Малінаўкі" ужо скончанае. Але вось тунэлі да яе да гэтага часу не гатовыя. У сярэдзіне кастрычніка будаўнікі казалі, што засталося "прайсці" 70 метраў па правым тунэлі і 260 — па левым .
У будаўніцтва станцыі ўжо ўкладзена каля 47 мільёнаў долараў.
Даўгабуды
Даўгабуды — яшчэ адна доўгайграючая праблема, з якой улады актыўна змагаюцца ўвесь 2013. На 1 красавіка ў незавершаным будаўніцтве знаходзілася 2126 жылых дамоў, з якіх 715 — з перавышэннем тэрмінаў. Разбірацца з даўгабудамі і завышаным коштам квадратнага метра кідаюць кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Кабякова. Пад яго кіраваннем ствараецца "рабочая група па праблемных пытаннях у будаўнічай вобласці".
Справа, быццам бы, ідзе, рабочая група працуе. Але квадратны метр у мінскай "панэльцы" як быў, так і застаецца на ўзроўні $1100-1300 — у два разы даражэй за сабекошт.
11 снежня Аляксандр Лукашэнка просіць людзей пацярпець яшчэ паўгода. Да 1 ліпеня будаўнікі могуць спаць спакойна:
"Вельмі вас прашу як прэзідэнт: не пішыце пакуль да 1 ліпеня 2014 гады скаргі ў розныя інстанцыі на будаўнікоў. Патрываеце паўгода. Паспрабуйце вырашыць гэтыя пытанні з тымі, хто вам павінен, — звяртаецца Аляксандр Лукашэнка да беларусаў. — Але з 1 ліпеня 2014 года па праблемных аб'ектах вы непасрэдна паінфармуйце мяне праз Адміністрацыю прэзідэнта. Тая ж група праверыць ўсе гэтыя аб'екты. І я абяцаю, што ні адзін чалавек не сыдзе ад адказнасці! Такіх аб'ектаў, па якіх людзі сёння прад'яўляюць прэтэнзіі, — 88. Патрываеце".
"Вырашаць пытанне" з цяперашнімі даўгабудамі плануецца... да 2016 года !
"Чыжоўка- Арэна"
Новы каток для Чэмпіянату свету-2014 павінны былі адкрыць яшчэ ў снежні 2009-га. Апошнія 4 гады арэну дабудоўвалі усім светам, са шматлікімі суботнікамі.
У 2013 годзе "Чыжоўка-арэну" планавалі здаць і 3 ліпеня, да Дня Незалежнасці, і 9 верасня, да Дня горада. Не паспелі. Перанеслі дэдлайн на 7 лістапада. Але ўжо ў сярэдзіне кастрычніка стала зразумела: будаўнікі зноў не паспяваюць.
"Вы мне тройчы абяцалі здаць аб'ект да 7 лістапада і не выканалі ўласныя абяцанні! — гневаецца Аляксандр Лукашэнка на нарадзе, прысвечанай арганізацыі чэмпіянату. — Мы ж ужо пераносілі тэрміны! І прыдумалі нейкія пускавыя комплексы".
Здачу арэны пераносяць на 15 снежня, а 7 лістапада адкрываюць толькі малы каток. Але вось няўдача: і да 15 снежня падрыхтаваць арэну не паспяваюць, хоць на будоўлю падцягваюць нават студэнтаў.
У выніку "Чыжоўка-арэну" здаюць на Каляды, 25 снежня. А цэнтр па фрыстайле, які ў Мінску пачалі будаваць пасля Алімпійскіх гульняў 2010 года, да гэтага часу не дабудаваны.
На салодкае: адстаўка ўрада
На прэс-канферэнцыі ў студзені 2013 года Аляксандр Лукашэнка заяўляе, што пра адстаўку ўрада гаворкі не ідзе. Але ўжо да 1 сакавіка пазіцыя кіраўніка дзяржавы мяняецца. Лукашэнка кажа, што "паўтарэнне мінулага года будзе азначаць неадкладную адстаўку ўрада".
У 2012 годзе ВУП Беларусі вырас усяго на 1,5% — замест запланаваных 5,5%. На 2013 год улады запланавалі рост эканомікі ў 8,5%. Але за 11 месяцаў гэтага года ВУП вырас усяго на 0,9%! А ўрад да гэтага часу на месцы.
Чым бліжэй канец года, тым часцей і больш жорстка звяртаецца да чыноўнікаў Лукашэнка. 6 верасня ён едзе на "Мотавела" і абмяркоўвае з чыноўнікамі з Мінпрама разгрузку складаў:
"Калі 1 студзеня вы не выйдзеце на тое, што абяцалі, ні Сямашка, ні дырэктараў на гэтых пасадах не будзе. І яшчэ ацэнку дамо прэм'ер-міністр , можа быць, ён разам з вамі ў абдымку сыдзе. У мяне выйсця іншага няма".
8 лістапада, наведваючы "Барысаўдрэў", кіраўнік дзяржавы звальняе намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта і губернатара Мінскай вобласці. Але ключавыя асобы: прэм'ер Мясніковіч і віцэ-прэм'ер Сямашка — застаюцца ў сваіх крэслах. Да чарговага дэдлайна, які прызначаны на 10 снежня:
"Па Сямашка прымем рашэнне пасля таго, як правядзем нараду па дрэваапрацоўцы".
Аднак рукі да адстаўкі ўрада зноў не даходзяць. Ужо 29 лістапада Лукашэнка адмаўляецца ад сваіх пагроз. Дэдлайн "ўсёй "галавы" ўрада пераносіцца на канец 1 квартала 2014:
"Усю "галаву" ўрада мы зносім адразу. Усё, далей я вам дараваць і трываць бяздзейнасць не буду. Гэта значыць, я вам даю яшчэ на квартал шанец, хоць, я павінен быў палову вас адправіць сёння ў адстаўку".
Фота: realt.onliner.by, www.tut.by.