“Дэкрэт аб дармаедах” практычна гатовы на подпіс Лукашэнку
Урад лічыць, што кожны грамадзянін павінен кампенсаваць выдаткі дзяржавы на сацыяльную сферу.
Дэкрэт аб стымуляванні занятасці грамадзян, больш вядомы як “дэкрэт аб дармаедах” у бліжэйшы час пададуць Аляксандру Лукашэнку. Як паведаміла ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” намесніца прэм’ер-міністра Беларусі Наталля Качанава, дакумент “практычна ў стадыі завяршэння”.
На думку Качанавай, многія грамадзяне недаацэньваюць таго, што дзяржава робіць у сацыяльнай палітыцы і кожны беларус павінен удзельнічаць у кампенсацыі выдаткаў у гэтай сферы.
Сярод іншага, намесніца кіраўніка ўраду адзначыла, што на сёння не разглядаецца пытанне аб павелічэнні пенсійнага ўзросту. З яе словаў, сітуацыя з пенсіямі пакуль “не крытычная, яна пад кантролем”, цытуе Наталлю Качанаву БЕЛТА.
Размова пра ўвядзенні адказнасці для працаздольных грамадзян, якія афіцыйна нідзе не занятыя, пачалася яшчэ ў 2013 годзе. Але да прыняцця нарматыўнага акта, паводле якога “дармаедаў” будуць пераследваць, дайшло толькі цяпер. Пакуль невядома, кого менавіта залічыць у “дармаеды” і якім чынам іх будуць караць. Раней міністр падаткаў і збораў Беларусі Сяргей Налівайка заяўляў, што з аднаго боку, да катэгорыі “дармаедаў” адносяцца асобы, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, а з другога — "своеасаблівыя сацыяльныя ўтрыманцы, асобы, якія займаюцца нелегальным бізнэсам, атрымліваюць заробак у канвертах і не ў поўным аб'ёме выплачваюць падаткі".
Фота: Fotolia