Дэпутат: асноўная сацыяльная падтрымка ў Беларусі — магчымасць працаваць

Дэпутат: асноўная сацыяльная падтрымка ў Беларусі — магчымасць працаваць

У Беларусі асноўнай формай сацыяльнай падтрымкі падчас эпідэміі COVID-19 з'яўляецца магчымасць працягваць працу. Пра гэта заявіў член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Сяргей Клішэвіч.

"Для параўнання, каранцін у большасці краін ЕС не прадугледжваў якіх-небудзь выплат фізічным асобам, а таксама адтэрміноўкі камунальных плацяжоў і арэнды. Беларусь як сацыяльна арыентаваная дзяржава не магла пайсці па аналагічным шляху, аплачваючы каранцін за кошт асабістых сродкаў сваіх грамадзян. Таксама хацелася б звярнуць увагу, што тыя сродкі, якія вылучае Еўракамісія, накіраваныя ў першую чаргу на падтрымку канкрэтных галін эканомікі і, у першую чаргу, прамысловасці і транспарту", — заявіў Клішэвіч у каментары дзяржаўнаму агенцтву БЕЛТА.

Ён паўтарыў словы Аляксандра Лукашэнкі, што ў нашай краіне няма неабходнасці ўводзіць каранцін. Адмова ад каранціна тлумачыцца найперш патрэбамі прамысловасці. "Бо прыпыненне рэальнага сектара мацней за ўсё адбілася б на сацыяльнай сітуацыі. Акрамя таго, працяглая сацыяльная дэпрывацыя у жорсткіх формах разам са знешнім інфармацыйным ціскам прыводзяць да шэрагу непажаданых наступстваў: дэпрэсій, асацыяльных паводзінаў. Усё гэта можна аднесці да "заслуг" каронапсіхозу, пра які неаднаразова казаў прэзідэнт", — дадаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў.

Ён заявіў, што меры сацыяльнай ізаляцыі і дыстанцыявання можна выконваць працягваючы працу. Маўляў, на паліграфкамбінаце імя Якуба Коласа ў Мінску ён бачыў, што прадпрыемства закрытае для пабочных асобаў, а знешнія кантакты супрацоўнікаў мінімізаваныя. "Аднак у вольны час неабходна абмежавацца маршрутам "праца — дом" і пазбягаць непатрэбных кантактаў", — заявіў Клішэвіч. 

Сяргей Клішэвіч рабіў кар'еру ў дзяржаўнай моладзевай арганізацыі БРСМ. У лістападзе 2019-га стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, вылучаўся праз збор подпісаў і ад Камуністычнай партыі Беларусі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі