Дэпутаты Дзярждумы РФ хочуць пазбавіць узнагарод Андрэя Макарэвіча
Паводле афіцыйнай версіі, “за прапаганду антырасійскай палітыкі”.
Пра гэта паведамляе газета “Известия” са спасылкай на дэпутата ад праўладнай партыі “Адзіная Расія" Яўгена Фёдарава, які раней распрацоўваў адмысловыя папраўкі ў заканадаўства.
"Андрэй Макарэвіч даўно супрацоўнічае з фашыстамі. Гэты выбар ён зрабіў досыць даўно, яшчэ калі перайшоў на бок ворагаў Расійскай Федэрацыі", — сказаў Фёдараў.
Парламентарый таксама дадаў, што пытанне пазбаўлення артыста дзяржаўных узнагарод павіннае быць разгледжанае, а ў заканадаўства павінныя быць унесеныя папраўкі, якія дазваляюць пазбавіць дзяржузнагарод чалавека, які стаў здраднікам радзімы.
Андрэй Макарэвіч не раз рэзка выказваўся з нагоды падзей ва Украіне і ў Крыме. 12 жніўня Макарэвіч пабываў у Славянску і Сямёнаўцы, пасля чаго даў канцэрт у Святагорску. Спявак публічна крытыкуе пазіцыю Крамля.