Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пабягуць з голым торсам на 23 лютага
Незвычайны лёгкаатлетычны прабег пройдзе ў Мінску 23 лютага. Ён пачнецца а 16-й гадзіне і ўдзельнічаць у ім будуць толькі прадстаўнікі моцнага полу. Ім належыць пераадолець дыстанцыю 1 км або 3,5 км (на выбар) з аголеным торсам. Паводле інфармацыі "Прессбола", у забегу прымуць удзел першы віцэ-прэзідэнт НАКа Максім Рыжанкоў, старшыня Беларускай федэацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі і алімпійскі чэмпіён па веславанні Аляксандр Багдановіч. Адзначым, што Дзевятоўскі і Багдановіч з'яўляюцца дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў.
У забегу могуць прыняць удзел не больш за 1000 чалавек. Месца старту і фінішу — пешаходная дарожка бліз цэнтральнага ўваходу Палаца спорту.
Кожны ўдзельнік атрымае памятны медаль. Тройку лепшых на дыстанцыі 3,5 км узнагародзяць грашовымі сертыфікатамі: 1-е месца — 150 руб., 2-е месца — 100 руб., 3-е месца — 70 руб.
Памятны прыз за масавасць і крэатыўнасць атрымае найлепшая каманда, а ўдзельнік, які праявіць максімум фантазіі, атрымае ўзнагароду ў асабістым заліку.