"ДетиДетей" запрасілі ў восень. Фотарэпартаж з апошняга канцэрта

Субота 1-га лістапада была аб’яўленая “ Суботнікам”. Нават святочным “суботнікам”. Гурт “ДетиДетей” вызваўся прыбраць жоўтае лісце са сцэны Цэнтральнага дому афіцэраў і падарыць сваім прыхільнікам чарговы душэўны канцэрт, фотарэпартаж з якога можна глядзець тут. Восень уварвалася ў змрочны Дом афіцэраў яскравымі жоўта-аранжавымі колерамі, цёплымі шалікамі на шыях артыстаў і гледачоў, новымі сумнымі, але вельмі шчырымі і ўдалымі песнямі ад “ДетиДетей”, таксама старымі вясёлымі і любімымі песнямі. І дзіцячымі галасамі. Дзяцей было шмат. Яны час ад часу дарылі кветкі Ані Хітрык і маленькія цыдулкі, дзе почыркам дарослых былі напісаныя іх “песенныя” просьбы…





Падалося, “дети” выраслі. Праўда. Новыя песні гурта ўразілі сваёй сілай: неяк па-сапраўднаму, па-жаноцку, па-чалавечы, з адценнем АДЧУВАННЯ гэтага жыцця, з імкненнем БЫЦЬ, ЖЫЦЬ і ДЗЕЙНІЧАЦЬ. Такія песні. Новыя. Аня плакала. І не адна яна.





А яшчэ песні на беларускай мове. Яны множацца. Іх ведае публіка. “Гімн моладзі” прымушае ўстаць і крочыць на месцы. І спяваць. Аня ў падобныя моманты робіцца вельмі шчаслівай.





Старыя песні гучаць цяпер зусім па-іншаму. Яны нібыта страцілі свой сэнс, ТОЙ сэнс, які першапачаткова быў закладзены ў іх. Яны прыгожыя. Іх спяваюць хорам.





А ўвогуле, вольных месцаў у зале не было! А зала, між іншым – ого-го!!!





І пра фан-клуб. Яны – малайцы. Любы гурт можа пазайздросціць “детям”: “секта” (так ласкава называюць яны сваіх фэнаў) літаральна клапоціцца аб любімым гурце! Напрыканцы імпрэзы удзельнікі каманды атрымалі шмат падарункаў, сярод якіх – персанальныя цішоткі. Цяпер ніхто не пераблытае Мішу з Дзімам, а Аню з Юляй! Жартую!



Дарэчы, дзякую фан-клубу гурта “ДетиДетей” і Валянціну Хасяневічу у прыватнасці за фотаздымкі!!!














Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі