Для беларусаў у тры разы менш бязвізавых краін, чым для брытанцаў

The Independent паведамляе брытанцам добрую навіну: згодна з рэйтынгам фірмы Henley & Partners, яны з’яўляюцца самай свабоднай нацыяй у свеце ў плане перамяшчэнняў. Брытанцы могуць наведаць 173 краіны свету без афармлення візы ў консульстве ці зусім без візы. Столькі ж, як і фіны са шведамі. Менавіта сяброўства ў ЕС дае грамадзянам гэтых краін такія магчымасці.

The Independent: “9 з 10 першых краін у рэйтынгу ўваходзяць у ЕС: да тройкі лідараў далучыліся Данія, Германія, Люксембург, Бельгія, Італія і Нідэрланды; а таксама ЗША. Грамадзяне гэтых краін маюць бязвізавы доступ больш чым да 170 краін”.

Самыя ж дрэнныя пашпарты для падарожжаў — пакістанскі і самалійскі (дазваляе свабодна ўязджаць у 32 краіны), іракскі (31 краіна) і афганскі (28 краін). Для грамадзян Афганістана ўвогуле 87% краін свету застаюцца “закрытымі”.

Паводле брытанскага выдання, грошы “адкрываюць” межы.

The Independent: Дысбаланс паміж лёгкасцю для грамадзян багатых краін кудысьці паехаць і адсутнасцю адкрытасці ўезда ў самі гэтыя краіны адлюстраваны ў справаздачы Сусветнай турыстычнай арганізацыі, дзе гаворыцца, што тры чвэрці насельніцтва свету патрабуе візу ў Еўропу”.

Беларусь у рэйтынгу стаіць разам з Казахстанам, Кубай і Ганай. Мы можам ездзіць у 61 краіну без запаўнення анкет і паходу ў консульства. Пры гэтым з 20 краінамі ў нас бязвізавы рэжым, а яшчэ ў 41 візу паставяць пры ўездзе. Эксперт Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Андрэй Елісееў называе гэты паказчык “хутчэй кепскім” у параўнанні з іншымі краінамі:

“Дзясяткі краін свету ўстанаўліваюць бязвізавы рэжым уезду аўтаматычна для ўсіх ці большасці краін свету. А Беларусь заключыла асобныя дамовы пра бязвізавыя паездкі прыкладна з дваццаццю, не больш, краінамі. Больш за тое, шмат краін з гэтага спісу гэта краіны СНД, з якімі яшчэ ад распаду Савецкага саюза існуе бязвізавы рэжым.

Ці можна спадзявацца на тое, што калісьці і беларускі пашпарт дазволіць вандраваць шмат і без візаў? Лепш за ўсё, улічваючы геаграфічнае становішча нашай дзяржавы, было б дамовіцца з краінамі ЕС і шэнгенскай прасторай. Калі б была палітычная воля, гэта магло б адбыцца праз 7-10, а то і праз 5 гадоў, кажа Андрэй Елісееў. Толькі беларускія ўлады нічога для гэтага не робяць. Мы можам толькі назіраць, як нашы калегі па Усходнім партнёрстве з Малдовы ўжо амаль дамовіліся наконт бязвізавых паездак у Еўрасаюз.

Фота: waldronssolicitors

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі