Для некаторых беларусаў могуць перагледзець мінімальны страхавы стаж
Для некаторых беларусаў могуць перагледзець мінімальны страхавы стаж. Пра гэта заявіў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў. У пятніцу ў Палаце прадстаўнікоў прайшоў круглы стол пра стан і перспектывы пенсійнай сістэмы. Як вядома, страхавы стаж улічваецца пры вызначэнні права на працоўную пенсію. Па словах Кавалькова, для людзей, у якіх ёсць працяглыя крэдытныя перыяды (гэта служба ў войску, знаходжанне ў дэкрэтным адпачынку, атрыманне адукацыі), могуць знізіць страхавы стаж. На сённяшні дзень, калі беларусы не выпрацавалі страхавы стаж, яны не маюць права на працоўную пенсію, а толькі на сацыяльную.
Як інфармуе БЕЛТА, мінімальны страхавы стаж у Беларусі быў павялічаны да 10 гадоў у 2014 годзе, да 15 гадоў — у 2015-м. Цяпер жа страхавы стаж павялічваецца штогод толькі на 6 месяцаў. Рашэнне аб замаруджванні тэмпаў яго павышэння было прынятае з разлікам на чаканы эфект ад павышэння пенсійнага ўзросту. Да 2025 года мінімальны страхавы стаж складзе 20 гадоў.
"Кожны, хто разлічвае ў будучым атрымліваць працоўную пенсію, павінен хаця б мінімальна прыняць удзел у фармаванні пенсійных правоў — працаваць і выплачваць абавязковыя ўнёскі у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва", — сказаў Валерый Кавалькоў. Больш падрабязна гл. тут.