Для школьнікаў у Ганцавічах арганізавалі "інтэрактыўную экскурсію" ў СІЗА
Ганцавіцкім падлеткам зладзілі экскурсію ў СІЗА / brest.mvd.gov.by
У Ганцавічах супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх арганізавалі для падлеткаў, якія стаяць на ўліку, экскурсію ў следчы ізалятар. Як паведамляе прэс-служба МУС, экскурсія атрымалася "цікавай і павучальнай".
Яна была "інтэрактыўная". Школьнікаў прымусілі перад наведваннем рэжымнага аб'екта пакінуць тэлефоны ды іншыя рэчы. На прапускным пункце супрацоўнікі СІЗА №6 дагледзелі іх з выкарыстаннем стацыянарнага металадэтэктара.
Падлеткаў правялі па тэрыторыі следчага ізалятара, паказалі камеры строгага рэжыму, карцары, памяшканні камернага тыпу. Асобна пазнаёмілі са штрафным ізалятарам: "Асаблівае ўражанне на падрастаючае пакаленне зрабіў штрафны ізалятар папраўчай установы з жорсткімі ўмовамі. Трапіць туды, як прызналіся хлопцы, яны не пажадалі б нікому".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.